Прэс-сакратарка Міністэрства здароўя Юлія Барадун пацьвердзіла Tut.by, што ў аднаго з супрацоўнікаў менскай гімназіі №5 тэст на каранавірус даў станоўчы вынік.
Паводле чытачоў выданьня, якія першымі паведамілі пра інфікаванага настаўніка, з выходных аналізы бяруць у дзяцей, якія кантактавалі зь ім. Тым, хто ня хоча пакідаць дзяцей на шпіталізацыю, дазваляюць пакінуць іх дома ў самаізаляцыі пад наглядам бацькоў.
«У сувязі з тым, што дзеці ня могуць самаізалявацца самастойна без кантролю з боку дарослых, было прапанавана самаізаляцыю дзяцей праводзіць пад кантролем бацькоў у хатніх умовах», — патлумачыла прэс-сакратарка Мінздароўя.
Ад 30 сакавіка да 5 красавіка ў Беларусі ідуць вясновыя школьныя вакацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус у сям’і актораў Коласаўскага тэатра: жонку выпісалі пасьля пнэўманіі, муж у рэанімацыіПа стане на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
З таго часу стала вядома пра выпадкі COVID-19 у Віцебску і Іўі, падазрэньні ў Лельчыцах.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.