Улады Кітаю заявілі, што фактычна спынілі распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі. Як паведамляе агенцтва «Сіньхуа», толькі каля трох тысяч чалавек у краіне працягвае лячыцца ад каранавіруснай інфэкцыі. Больш за 70 тысяч ужо паправіліся, 3300 памерлі. За апошнія суткі ў краіне зафіксавана тры сьмерці ад COVID-19.
Колькасьць новых выпадкаў заражэньня ў Кітаі ў апошнія дні вылічваецца дзясяткамі, прычым пераважная большасьць, паводле афіцыйных зьвестак, прыпадае на іншаземцаў, якія прыбылі ў краіну, і тых, хто заразіўся ад іх. Калі эпідэмія дасягала максымуму, у Кітаі штодня фіксаваліся тысячы новых выпадкаў заражэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвет пасьля каранавірусу. Ці пачне чалавецтва жыць больш сьціпла?Некалькі дзён таму ЗША і Італія абагналі Кітай па агульнай колькасьці інфікаваных, блізкая да гэтага і Гішпанія. Па колькасьці памерлых Кітай таксама пакуль на трэцім месцы.
Пры гэтым улады краіны асьцерагаюцца другой хвалі эпідэміі, якая магла б быць выклікана «прывазнымі» выпадкамі інфэкцыі. У зоне рызыкі знаходзіцца Пэкін. Некалькі дзён таму Кітай абвясьціў аб закрыцьці сваёй мяжы для іншаземцаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ