Патрыярх Кірыл парэкамэндаваў не хадзіць у храмы праз каранавірус

Патрыярх Маскоўскі Кірыл

Патрыярх Маскоўскі Кірыл заклікаў вернікаў Рускай праваслаўнай царквы не наведваць храмы да яго асаблівага бласлаўленьня ў сувязі з каранавірусам. Пра гэта ён заявіў падчас казаньня ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве ў нядзелю, паведамляе ТАСС.

Праваслаўныя сьвятары пры гэтым працягнуць служыць набажэнствы.

«Царква заклікае сёньня строга выконваць тыя абавязкі, якія прапануюць санітарныя ўлады Расеі. Я заклікаю вас, мае дарагія, у бліжэйшыя дні, пакуль ня будзе асаблівага патрыяршага бласлаўленьня, устрымацца ад наведваньня храмаў», — зьвярнуўся патрыярх да вернікаў.

Ён зазначыў, што прыклад Марыі Ягіпецкай, якая пайшла ў пустыню для малітвы, сьведчыць пра тое, што і без наведваньня храма можна быць збаўленым.

На думку патрыярха, сьвятары, якія прапаведуюць адмову ад захадаў засьцярогі падчас пандэміі, неразумныя.

«Я б ніколі гэтага не сказаў, калі б не дзівосны, сьвяты прыклад прападобнай Марыі Ягіпецкай. Усялякія іншыя пропаведзі, у тым ліку тыя, якія зыходзяць ад неразумных сьвятароў, ня слухайце. Слухайце тое, што вам сказаў сёньня патрыярх, і не ад сябе, а ад вялікага подзьвігу сьвятой Марыі Ягіпецкай, якая і цела, і душу выратавала, сышоўшы ў пустыню, у поўную ізаляцыю», — заклікаў патрыярх Кірыл.

У каталіцкім касьцёле ад пачатку пандэміі робяцца захады засьцярогі. Многія службы і рэлігійныя практыкі перайшлі ў онлайн, зьмяніліся традыцыйныя нормы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як каранавірус зьмяніў векавыя традыцыі Каталіцкага касьцёлу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя ня будуць адмяняць хрэснага ходу на Вялікдзень. Каталікі чакаюць разьвіцьця падзеяў 

У маскоўскіх і піцерскіх касьцёлах нядзельныя імшы скасавалі з 22 сакавіка.

За апошнія суткі ў Расеі зафіксавалі 270 выпадкаў. Памерлі за суткі ад COVID-19 4 чалавекі. Усяго ў Расеі зарэгістравалі 1534 выпадкі каранавірусу.