Расея заклікала Беларусь паскорыць працу па адмене роўмінгу ў «саюзнай дзяржаве» ў сувязі са «значным адхіленьнем» ад тэрмінаў рэалізацыі палажэньняў адпаведнай дарожнай карты інтэграцыі.
Намесьнік кіраўніка расейскага Міністэрства лічбавага разьвіцьця, сувязі і масавых камунікацый Расеі Алег Іваноў 27 сакавіка ў фармаце відэааканфэрэнцыі правёў нараду з прадстаўнікамі беларускіх Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, а таксама апэратарамі сувязі дзьвюх краінаў, на якім бакі абмеркавалі адмену роўмінгу.
У рамках нарады Іваноў «выказаў занепакоенасьць адносна бягучых тэмпаў і азначыў адхіленьне ад зацьверджаных тэрмінаў рэалізацыі палажэнняў дарожнай карты», а таксама заклікаў «надаць імпульс гэтай працы для захаваньня заплянаваных тэрмінаў», гаворыцца на сайце міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея падпісалі дарожную мапу для адмены роўмінгуБеларусь і Расея спрабавалі дамовіцца аб адмене роўмінгу з 2017 году. Рознагалосьсі паміж бакамі ўзьнікалі празь міжапэратарскія роўмінгавыя тарыфы і стаўкі інтэрканэкту (сума, якую апэратар плаціць другому за хвіліну размовы абанэнта па-за сваёй сеткай; у Беларусі яна складае 30 цэнтаў за хвіліну, у Расеі стаўка ўдвая ніжэйшая).
У сьнежні 2019 году Беларусь і Расея падпісалі «дарожную мапу» па адмене роўмінгу на тэрыторыі саюзнай дзяржавы. Паводле пляну, плата за ўваходныя званкі ў роўмінгу павінна быць адменена не пазьней за верасень 2020 году.