Ўпраўленьне па барацьбе з распаўсюдам наркотыкаў ЗША ў Калюмбіі затрымала адстаўнога генэрал-маёра Ўзброеных сіл Вэнэсуэлы Клівэра Алькалу, паведамляюць Reuters, Associated Press і El Tiempo са спасылкай на ўласныя крыніцы. Яго абвінавачваюць у наркагандлі і тэрарызьме.
Генэрал-маёр праходзіць па справе прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры, якога ў ЗША абвінавачваюць у абароце наркотыкаў. Паводле Reuters, ён добраахвотна здаўся, адмовіўшыся ад свайго права аспрэчваць экстрадыцыю ў ЗША, і стаў супрацоўнічаць са сьледзтвам.
26 сакавіка Міністэрства юстыцыі ЗША абвінаваціла прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуру і 14 дзейных і былых чыноўнікаў Вэнэсуэлы ў карупцыі, наркагандлі і захоўваньні зброі. Па вэрсіі ЗША, яны супрацоўнічалі зь леварадыкальнай групоўкай «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калюмбіі» на працягу 20 гадоў, а Мадура як мінімум з 1999 году быў адным з лідэраў наркакартэля Cartel de Los Soles ( «Картэль сонцаў»), які займаўся перапраўкай какаіну з Калюмбіі ў ЗША праз Вэнэсуэлу.
Улады ЗША аб’явілі ўзнагароду ў 15 мільёнаў даляраў за інфармацыю, якая дапаможа затрымаць Мадуру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША абвінавацілі прэзыдэнта Вэнэсуэлы ў гандлі наркотыкамі