Законапраект накіраваны на подпіс прэзыдэнту Дональду Трампу.
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў пятніцу зацьвердзіла пакет эканамічнай дапамогі ў памеры 2,2 трыльёна даляраў – самы вялікі пакет мер дапамогі эканоміцы ў гісторыі ЗША. Гэтая мера мае дапамагчы жыхарам краіны і амэрыканскім кампаніям справіцца з эканамічным спадам, выкліканым эпідэміяй каранавірусу, і тэрмінова забясьпечыць бальніцы неабходнымі мэдыкамэнтамі і апаратамі.
Усёабдымны законапраект, ухвалены Сэнатам увечары ў сераду, накіраваны на подпіс прэзыдэнту Дональду Трампу. Чакаецца, што кіраўнік дзяржавы неадкладна падпіша дакумэнт, ператварыўшы яго ў закон.
Як паведамляе «Голас Амэрыкі», дэмакраты і рэспубліканцы ў Палаце прадстаўнікоў амаль аднагалосна зацьвердзілі законапраект, адхіліўшы працэдурную скаргу рэспубліканца Томаса Маса, які паспрабаваў зьмяніць парадак галасаваньня па законапраекце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як дзяржава фінансуе змаганьне з каранавірусам у ЗША. Тлумачыць амэрыканскі прафэсарМаса, які ўжо не першы раз кідае выклік кіраўніцтву партыі, напісаў у Твітэры, што законапраект, на ягоную думку, уключае ў сябе занадта шмат «староньніх выдаткаў» і дае занадта шмат паўнамоцтваў Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэме. Прэзыдэнт Трамп назваў Маса «пазёрам трэцяга гатунку» і заклікаў у сваім Твітэры выключыць кангрэсмэна з Рэспубліканскай партыі.
Маса дамагаўся таго, каб галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў прайшло ў прысутнасьці ўсіх кангрэсмэнаў. Галасаваньне зрабілі ў дыстанцыйным рэжыме, бо ўжо прынамсі трое кангрэсмэнаў заразіліся каранавірусам, і яшчэ каля двух дзясяткаў чалавек сышлі ў добраахвотны карантын пасьля кантактаў з інфікаванымі людзьмі. Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў вырашыла не рызыкаваць здароўе заканадаўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бяз шуму і пылу». Лукашэнка лічыць, што Беларусь эфэктыўна супрацьстаіць каранавірусуЭканамічны пакет дапамогі на суму 2,2 трыльёна даляраў, які стаў самай буйной мерай дапамогі эканомікі, калі-небудзь прынятай Кангрэсам, дазволіць на працягу трох тыдняў накіраваць прамыя выплаты ўсім амэрыканскім падаткаплатнікам.
Законапраект прадугледжвае выплату 500 млрд даляраў на дапамогу пацярпелым ад крызісу кампаніям і 290 млрд даляраў на выплату амэрыканскім сем'ям разавай дапамогі ў памеры да 3000 даляраў на сямʼю з чатырох чалавек.
Акрамя таго, малы бізнэс атрымае 350 млрд даляраў у выглядзе крэдытаў, 250 млрд даляраў будзе выдзелена на выплату дапамогі па беспрацоўі, і яшчэ прынамсі 100 млрд даляраў атрымаюць бальніцы і сыстэма аховы здароўя ЗША ў цэлым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як вірус дзеліць грамадзтва