Нядаўна ў сэрыі «Біблятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзя» выйшла кніга Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода» пра журналіста, рэдактара і палітыка Ігара Герменчука.
Аўтар пасьпеў прэзэнтаваць выданьне толькі на фэсьце «Прадмова» ў Горадні 7 сакавіка. Іншыя заплянаваныя прэзэнтацыі былі адкліканыя з увагі на каранавірусную пандэмію. Таму мы зь Сяргеем дамовіліся пагаварыць пра кнігу тэлефанічна і такім чынам крыху кампэнсаваць тыя сустрэчы з чытачамі, якія не адбыліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадар Свабода. «У нашым краі пануе чужак»Я на самым пачатку запытаўся ў Сяргея, як зарадзілася ідэя кнігі пра Ігара Гермянчука.
«У пачатку траўня 2015 году Аляксандар Лукашук запрапанаваў мне напісаць кнігу пра Ігара Гермянчука. Ён ведаў, што мы зь Ігарам Гермянчуком разам працавалі, сябравалі. Яму, пэўна, і Сяргей Навумчык сказаў слова на гэты конт. Унутрана я да такой працы нібыта і рыхтаваўся раней, але штуршок прыйшоў якраз ад Аляксандра Лукашука».
Першы варыянт кнігі аказаўся занадта аб’ёмісты, і Сяргею давялося яго радыкальна падкараціць. Ён кажа, што пачаўшы працаваць над кнігай пра Гермянчука, ён арыентаваўся на кнігу пра вядомага польскага аўтара Рышарда Капусьціньскага.
«Прыкладам для мяне была кніга Артура Дамаслаўскага пра Рышарда Капусьціньскага, пра якую я пісаў у рубрыцы „Варта“. Дамаслаўскі напісаў кнігу па гарачых сьлядах, то бок амаль адразу пасьля сьмерці Капусьціньскага. Ён апытаў каля 100 чалавек, якія добра ведалі Капусьціньскага і добра яго памяталі. І практычна за год напісаў кнігу аб’ёмам 600 старонак вялікага фармату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Астраўцоў пра «Капусьцінскага», які падаражэў у 10 разоўЯна мне паслужыла добрым прыкладам, і я пачаў з таго, што стаў зьвяртацца да людзей, якія ведалі Гермянчука або працавалі зь ім, і запісваць іх успаміны. Я пастараўся выкарыстаць увесь матэрыял, які ў мяне быў, і не рабіў вялікага адбору. Мне здавалася, што кожнае сьведчаньне, кожны ўспамін чалавека, які ведаў Гермянчука, каштоўны па-свойму. Першы варыянт кнігі аказаўся завялікі аб’ёмам».
Сяргей Астраўцоў пазнаёміўся з героем сваёй будучай кнігі на факультэце журналістыкі БДУ.
«Мы пазнаёміліся з Гермянчуком восеньню 1981 году, калі мы былі на трэцім курсе журналістыкі БДУ. Гермянчук прыйшоў у БДУ пасьля арміі, пачаткова ён вучыўся на вячэрнім аддзяленьні, потым яму ўдалося перайсьці на дзённае. І мы пасябравалі неяк адразу, пасябравалі на ўсё жыцьцё. Той кароткі супольны час ва ўнівэрсытэце, мабыць, няпоўныя два гады, акрэсьліў усё наша далейшае жыцьцё. Ну, мы тады гаварылі па-беларуску, чыталі заходнебеларускія і эміграцыйныя выданьні. Гэта была наша падрыхтоўка да сьвядомага жыцьця ў будучыні. Фактычна, мы сябравалі там утрох — я, Гермянчук і Сяргей Дубавец».
Сяргей кажа, што журналістыка ў той час лічылася «ідэалягічным факультэтам», і выкладчыкі любілі паўтараць студэнтам, жартам альбо і не, што іх рыхтуюць для раённай газэты, дзе яны кожны дзень будуць «гнаць радкі» пра бітву за ўраджай, пра надоі і пра вывазку ўгнаеньняў.
«Натуральна, што мы вучыліся не для гэтага, і асабліва Гермянчук моцна падкрэсьліваў, што ён ня будзе пісаць пра такое сацспаборніцтва, так сказаць. Ну, калі чалавек так гаворыць, дык ён стараецца накіроўваць свой лёс у патрэбнае яму рэчышча. І так атрымалася, што Гермянчука пасьля ўнівэрсытэту ўзялі ў „Голас Радзімы“, газэту для суайчыньнікаў за мяжой. У ёй, сапраўды, пра сацыялістычнае спаборніцтва не пісалі. Дубаўца накіравалі ў абласную газэту ў Гомель.
Мне таксама ўдалося трапіць у абласную газэту, у „Гродзенскую праўду“, хоць не адразу. Спачатку мяне спрабавалі паслаць у раённую газэту ў Астраўцы. Так сказаць, Астраўцова ў Астравец. Гермянчук тады спрабаваў мне дапамагчы, з „Голасу Радзімы“ напісалі ліст у Дзяржаўны камітэт па друку, каб Астраўцова ўзяць у Менск. Нічога з гэтага не атрымалася, але ў выніку я апынуўся ў абласной газэце ў Горадні, а не ў раённай у Астраўцы».
Як пачалася газэта «Свабода»?
«Фактычна, газэту „Свабода“ пачаў рабіць Сяргей Дубавец, выпусьціўшы яе на 25 сакавіка 1990 пад назвай „Дзень Волі“. Але Дубаўцу захацелася аднавіць „Нашу Ніву“ ў Вільні, і ён перадаў справу рэдагаваньня „Свабоды“ Гермянчуку, які тады ўжо год быў дэпутатам Вярхоўнага Савету. Спачатку „Свабода“ выходзіла вельмі нерэгулярна. З пункту гледжаньня рэгулярнасьці — гэта быў аматарскі праект, але з пункту гледжаньня рэдактуры — выданьне было прафэсійным».
Газэта стала агульна вядомай у жніўні 1991, калі ў Маскве адбылася спроба путчу. Але спачатку яна выходзіла даволі нерэгулярна.
«Пра „Свабоду“ загаварылі практычна ўсе ў Менску, калі ў жніўні 1991 здарыўся ГКЧП у Маскве, і Гермянчук у тых днях выпусьціў газэту з карыкатурай „Ніякай падтрымкі хунце“, якую намаляваў Сяргей Харэўскі. Тады, як мне здаецца, Гермянчук, зь якім хацеў пазнаёміцца ўвесь Менск, адчуў, што ён усё ж хутчэй журналіст, чым палітык.
У 1993 годзе Гермянчук нарэшце вырашыў, што трэба рабіць газэту рэгулярна. І тады ён мне прапанаваў пакінуць газэту „Пагоня“ ў Гродне, якую я рабіў, і перайсьці ў „Свабоду“. Я пагадзіўся і цэлы год быў адзіным карэспандэнтам. У Менску не было карэспандэнтаў, таму што Гермянчук усё рабіў сам. З восені 1993 па восень 1994 творчых работнікаў у „Свабодзе“ было двух — Гермянчук і я. І толькі потым зьявіліся іншыя, Германчук, дарэчы, браў вельмі добрых журналістаў, можна сказаць, у сярэдзіне 1990-х у яго быў зорны калектыў».
Чаму Ігару Гермянчуку ўдалося зрабіць масавую палітычную газэту на беларускай мове?
«Гермянчук быў прафэсіянал высокай клясы. І так шчасьліва склалася, што ён быў пры самой палітычнай кухні, ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, атрымліваў такую палітычную інфармацыю, якой не атрымлівалі іншыя. Ён любіў пагаворваць, што „Свабода“ піша аб тым, аб чым ніхто не напіша, бо іншыя або пабаяцца, або ня маюць такой інфармацыі. І таму гэта ўсё так сышлося — адраджэнскі ўздым і адпаведны рэдактар на адпаведным месцы».
Сяргей Астраўцоў перакананы, што стандарты незалежнай беларускай журналістыкі былі закладзеныя якраз у 1990-х Ігарам Гермянчуком і газэтай «Свабода».
«Свабода — гэта была такая кузьня, у якой рыхтавалася новая журналістыка. Гермянчук быў даволі рызыкоўны чалавек, часам ён, так сказаць, пераходзіў межы дазволенага. Але зь яго боку — гэта было змаганьне за пашырэньне тэрыторыі свабоды слова. Але потым наступіла рэакцыя, пачаліся суды, і гэтая тэрыторыя пачала звужвацца. Але ў асноўным стандарты незалежнай беларускай журналістыкі, у тым ліку стандарты журналісцкай этыкі, выпрацоўваліся ў час Гермянчука».
Аўтар перакананы, што яму ўдалося напісаць «неклясычную» біяграфію выдатнай постаці найноўшай беларускай гісторыі, якая будзе чытацца хутчэй як раман з інтрыгай, чым звычайная падборка ўспамінаў і фактаў, хай сабе і цікавых ды малавядомых.
«Гэтая кніга напісаная ня так, як клясычная біяграфія, якая цікавая, скажам, для ўнівэрсытэцкіх асяродзьдзяў. Гэтая кніга была напісаная так, як цяпер пішуцца біяграфіі, не як нон-фікшн, а хутчэй так, як пішуцца кнігі фікшн. У кнізе закладзеная інтрыга, закладзеныя загадкавыя ці незразумелыя моманты і рух да іх высьвятленьня. Яна напісаная ня столькі для тых, хто памятае гэтага чалавека, колькі для шырокага чытача, які шукае ў кнізе цікавай інтрыгі, цікавага сюжэту».
Кніга «Спадар Свабода» ў фармаце PDF
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.