Урачыстасьці да «дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі» 2 красавіка адмененыя праз каранавірус, паведаміла БелТА памочніца дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Алена Аўчарэнка.
Яна адзначыла, што ў сувязі са складанай эпідэміялягічнай сытуацыяй у Маскве забаронена праводзіць публічныя імпрэзы, таму ўрачысты сход арганізатары вымушаныя былі адмяніць.
Што тычыцца сьвяткаваньняў у Менску, то расейская дэлегацыя ня зможа трапіць у Беларусь — бо расейскую мяжу цяпер перасякаць складана, а па прыезьде трэба сыходзіць у самаізаляцыю. Таму беларускую частку таксама скасавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія беларускія законы парушае «паглыбленая інтэграцыя» паводле сцэнара МядзьведзеваПеранесеная на няпэўны тэрмін і прэс-канфэрэнцыя дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы» Рыгора Рапоты.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ