Глябальныя намаганьні дзеля зьмяншэньня азонавай дзіркі над Антарктыдай дапамагаюць вярнуць гэтак званую вышынную струмянёвую плынь паветра на свой папярэдні, натуральны шлях.
Гэткую выснову зрабілі навукоўцы ў дасьледаваньні, апублікаваным нядаўна ў часопісе Nature.
Вышынная струмянёвая плынь або струмянёвая плынь (анг.: jet stream) — гэта зона моцнага руху паветра (ветру) на вышыні некалькіх кілямэтраў над Зямлёй. Для гэтай паветранай плыні характэрныя вялікія хуткасьці, якія даходзяць да 25 мэтраў на сэкунду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмена клімату: найгоршае наперадзеШто тычыцца такой зоны на паўднёвым паўшар’і Зямлі, дык да 2000 году струмянёвая плынь перамяшчалася са свайго звычайнага шляху на поўдзень да Антарктыды з хуткасьцю ў адну ступень геаграфічнай шырыні на кожнае дзесяцігодзьдзе. Гэты ненатуральны рух паветра ўплываў на ападкі або на іх адсутнасьць над Паўднёвай Амэрыкай, Усходняй Афрыкай і Аўстраліяй.
Навукоўцы ў згаданым дасьледаваньні адзначаюць, што ненатуральнае перамяшчэньне вышыннай плыні на паўднёвым паўшар’і было выкліканае ў першую чаргу выкідам у атмасфэру шкодных хімічных рэчываў, якія пашыралі азонавую дзірку над Антарктыдай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Швэдзкая школьніца год прапускае заняткі ў школе, каб ратаваць сьветШто больш, навукоўцы сьцьвярджаюць, што намаганьні міжнароднай супольнасьці па зьмяншэньні такіх выкідаў, у рамках гэтак званага Манрэальскага пратаколу 1987 году, давялі ня толькі да згушчэньня азонавага пласту над Антарктыдай, але і спынілі перамяшчэньне струмянёвай плыні паветра на поўдзень і павярнулі гэтае перамяшчэньне назад, у бок ранейшага, натуральнага рэчышча плыні.
«Гэта добрая навіна, безумоўна. Гэта паказвае, што нашы дзеяньні могуць спыніць кліматычныя зьмены», — сказаў газэце The Guardian экспэрт Фінскага мэтэаралягічнага інстытуту. — Мы бачым, што ўзгодненыя дзеяньні даюць плён. Гэта моцны мэсыдж для нас як вытворцаў парніковых газаў. Гэта паказвае, што мы можам маніпуляваць кліматам у два бакі: у няправільны бок і ў бок адмены шкоды, якую мы нанесьлі».