«А потым ракета над намі паляцела». Рэпартаж зь вёскі, якую эвакуавалі пасьля пажару на вайсковым палігоне

Вайскоўцы каля варонкі на полі, дзе, як кажуць мясцовыя, упалі аскепкі ад выбуху

Жыхары Паплавоў непадалёк ад Асіповічаў кажуць, што эвакуацыя адбылася ўпершыню за ўвесь час існаваньня палігону.

25 сакавіка Мінабароны паведаміла пра здарэньне на палігоне пад Асіповічамі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у выніку пажару на транспартна-зараджальным аўтамабілі пацярпелі два салдаты. Іх шпіталізавалі.

У вёсцы Паплавы, што побач з палігонам, Свабодзе сказалі: гэта далёка ня ўсе наступствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад Асіповічамі праз здарэньне на вайсковым палігоне адсялілі вёску

«Учора гэта здарылася, бліжэй да вечара, — расказвае Аляксандар, які жыве ў Паплавах 50 гадоў. — Я тут быў, ля хаты. Спачатку за лесам дым чорны пайшоў, загарэлася нешта. Тут жа палігон, тут пастаянна нешта гарыць, вайскоўцы тут. Гарыць і гарыць. А потым адтуль паляцела ракета — і над вёскай проста. Там звалілася, ля чырвонай фэрмы. Ракета гэта была ці што іншае, я ня ведаю. Нам потым сказалі, што яна без боезараду, пустая ляцела».

Аляксандар

На самым уезьдзе ў вёску, яшчэ да размовы з Аляксандрам, сустракаем людзей у форме розных колераў, некалькі спэцаўтамабіляў, квадрацыклы з абсталяваньнем.

Аўтамабілі МНС каля ўезду ў вёску Паплавы

Даваць камэнтары пра ўчарашняе здарэньне людзі ў форме катэгарычна адмаўляюцца, адсылаюць да кіраўніцтва, якое «цяпер у штабе на палігоне». І настойліва просяць не фатаграфаваць ні іх, ні спэцтэхніку.

Праход на палігон забаронены, пра што папярэджвае адмысловая шыльда. А вось па вёсцы прайсьціся ўжо можна.

Будынак на тэрыторыі палігону

«Пасьля таго як гэта ўсё здарылася, па вуліцы паехала машына зь мігалкамі, у кожную хату людзі заходзілі, — працягвае Аляксандар. — Недзе а сёмай вечара. Ужо цямнела. Сказалі нам усім зьбірацца хуценька і ісьці на аўтобусны прыпынак ля вёскі. Там аўтобус чакаў ужо. Хто мог, той сам ішоў. Зусім старых старшыня сельсавету вывозіў на сваёй машыне. За гадзіну недзе ўклаліся, усіх вывезьлі адсюль. Вельмі хутка ўсё адбылося».

Праход на палігон забаронены

Жыхароў Паплавоў адвезьлі начаваць у асіповіцкі гатэль. У вёсцы прапісана 50 чалавек, але ўвечары 25 сакавіка на месцы аказалася 26 жыхароў. Усіх накармілі вячэрай, разьмясьцілі ў нумарах з тэлевізарамі. Ля гатэля дзяжурыла «хуткая». Раніцай 26 сакавіка людзей на аўтобусе адвезьлі дадому.

Тацяна

«Усё нам забясьпечылі, усё добра арганізавалі, — расказвае Свабодзе суседка Аляксандра Тацяна. — Сёньня раніцай ужо тут былі, дома. З гаспадаркі ў нас адзін сабака, то мы яму пасьпелі ежы пакінуць перад ад’ездам учора. Ці было страшна? Ды не, вы што. У нас тут гэты палігон усё жыцьцё. І дэсант тут бывае, і самалёты, і зьнішчальнікі, і штурмавікі. Два гады назад тут і расейскія салдаты былі, і армяне. Страляюць сабе і страляюць. Праўда, каб вось так ракета ляцела празь вёску, то я не прыгадаю. І каб адсялялі ўсіх, такога таксама не было».

Вёска Паплавы

Тацяна кажа, што жыве ў Паплавах ужо больш за 20 гадоў. Прыехала з Сібіру, з Краснаярскага краю. Ад яе хаты да палігону кілямэтра паўтара. Можна нават пабачыць назіральныя пабудовы. «Ракету», якая ляцела з-за лесу над вёскай, Тацяна бачыла на свае вочы. Дадае, што чула ад вясковак пра тры «ракеты», але сама бачыла толькі адну.

Дым каля палігону

«Ды ня страшна ў нас тут, мы ўжо прывыклі, гэта ж палігон, — кажа Тацяна. — Тут, бывае, усю ноч нешта бахае. Так што нам нармальна. Праляцела і праляцела. Кампэнсацыі нам ня будуць даваць, відаць. І так пакармілі, сьняданак далі. Прывезьлі, адвезьлі. Гатэль 27 рублёў каштуе, калі мы за свае грошы туды трапім, дорага. Мы не баімся ракет. І каранавірусу не баімся. Ён там недзе, у нас тут няма такога нічога».

Вайскоўцы каля варонкі на полі, дзе як кажуць мясцовыя, упалі аскепкі ад выбуху

Па словах вяскоўцаў, салдаты ў форме прачэсвалі ваколіцы вёскі і пасьля таго, як туды вярнуліся жыхары. Людзі ў форме хадзілі ланцугом па палетках, езьдзілі на квадрацыклах.

Ля чырвонай цаглянай фэрмы пасярод Паплавоў знаходзім сьвежую варонку глыбінёй сантымэтраў трыццаць. У ёй разварочаныя, месцамі абпаленыя вялікія камяні, некалькі пакамечаных мэталічных дэталяў са спэцыфічным пахам.

Варонка на полі каля фэрмы, дзе, як кажуць мясцовыя, упалі аскепкі ад выбуху

Побач абпаленая сухая трава. Празь дзесяць хвілін пасьля нас да варонкі пад’яжджае зялёны «ўазік», зь яго выходзяць два вайскоўцы. Машына хутка зьяжджае, вайскоўцы застаюцца пільнаваць агледжанае намі месца.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Мінабароны. Кіраўнік прэс-службы ведамства Ўладзімер Макараў паведаміў, што ўся магчымая інфармацыя наконт здарэньня ля вёскі Паплавы была разьмешчаная на сайце Мінабароны 25 сакавіка (гаворка пра навіну аб пажары вайсковага аўтамабіля і двух пацярпелых салдатах. — РС). Удакладненьні могуць зьявіцца там жа, калі зьявіцца такая неабходнасьць.

Кавалкі мэталу каля варонкі