Супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў пры Камітэце дзяржаўнага кантролю 26 сакавіка праводзяць вобшук у офісе выданьня «Ежедневник».
Што здарылася?
У Менску 25 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі галоўнага рэдактара онлайн-выданьня «Ежедневник» Сяргея Сацука. Супраць яго завялі крымінальную справу за хабар.
Дзяржкантроль забраў дакумэнтацыю выданьня
У офісе «Ежедневника» знаходзяцца два супрацоўнікі ДФР і брат Сяргея Сацука Аляксандар.
Паводле Аляксандра Сацука, выманьне дакумэнтаў скончылі пасьля амаль дзьвюх з паловай гадзін ператрусу. Супрацоўнікі ДФР вынесьлі з офіса два вялікія пакункі.
Брат Сяргея Сацука Аляксандар даў падпіску аб неразгалошваньні і не сказаў, што канкрэтна забралі. Аляксандар Сацук дадаў, што сёньня раніцай яго выклікалі на допыт у ДФР.
«Расьсьледаваньні брат вёў пастаянна. Раней яго запалохвалі, пагражалі, але пасьля рэпартажу БТ, што паказалі ў жніўні, усе заціхла, яго не чапалі. А цяпер, відавочна, была дадзена каманда затрымаць. Больш нічога ня маю права расказваць, бо даў падпіску аб неразгалошваньні», — сказаў Аляксандар.
У офіс у завулку Ўральскім «Ежедневник» пераехаў зусім нядаўна. Не пасьпелі нават падключыць інтэрнэт, толькі перавезьлі рэчы. Журналістаў выданьня падчас ператрусу ў офісе не было.
Сам Сяргей Сацук цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна. 26 сакавіка зь ім сустракаўся адвакат. Дачка журналіста спрабуе перадаць яму перадачу.