Як паведамляецца на сайце «Народнага савету ЛНР», сёньня там афіцыйна зарэгістравалі адпаведны законапраект. Дагэтуль у так званай «Луганскай Народнай Рэспубліцы» ўкраінская мова фармальна захоўвае статус другой дзяржаўнай, хоць «афіцыйнай» мовай зьяўляецца толькі расейская.
На пачатку сакавіка ўкраінскую мову як другую дзяржаўную скасавалі ў «Данецкай народнай рэспубліцы». Як тлумачыў карэспандэнт Радыё Свабода Дзьмітрый Кірылаў, адмена ўкраінскай мовы некалі была адным з «пасланьняў» з Данецку напярэдадні саміту кіраўнікоў дзяржаў «нармандзкага фармату» ў Парыжы. Тады Масква грала ролю добрага паліцыянта, а кіраўніцтва самаабвешчаных рэспублік Данбасу злога — цалкам сынхронна дэманстравала сваю непрымірымасьць і «самастойнасьць». 2 сьнежня 2019 году перад самым самітам адзін з кіраўнікоў «ДНР» Дзяніс Пушылін ў Данецку прапанаваў адмяніць ўкраінскую мову як дзяржаўную. Тады ж на цэнтральнай плошчы Данецку — імя Леніна — спусьцілі сьцяг «ДНР» і паднялі сьцяг Расеі.
У сакавіку сьцяг Расеі паднялі на новым месцы — побач са сьцягам «ДНР» над кантрольна-прапускным пунктам ўезду і выезду ў Горлаўцы. І менавіта тады, праз тры месяцы пасьля «ініцыятывы кіраўніка», падчас падрыхтоўкі новага саміту ў Бэрліне, прызначанага на красавік, мясцовы «народны савет» раптам пачаў галасаваць за зьмены «канстытуцыі» і падымаць новыя сьцягі Расеі пад кананаду на фронце, у тым ліку і на Горлаўскім кірунку.
«У цяперашні час згодна з артыкулам 10 канстытуцыі ДНР дзяржаўнымі мовамі зьяўляюцца расейская і ўкраінская. Аднак ужываньне ўкраінскай мовы як дзяржаўнай не знайшло сваёй практычнай рэалізацыі за пэрыяд з 14 траўня 2014 году да гэтага часу», — гаворылася ў адмысловай заяве на сайце «народнага савету ДНР» з нагоды рэзананснага галасаваньня.
14 траўня 2014 году, апошні тыдзень перад апошнім званком, у Данецку працавалі 34 школы і 750 клясаў з украінскай мовай навучаньня. Мэр Данецку Аляксандар Лук’янчанка ў 2013 годзе казаў пра амаль 30 працэнтаў дзяцей, якія навучаюцца на ўкраінскай мове ў школах, і 48 працэнтах — у дзіцячых садках. Амаль усе ўкраінскія школы і клясы працягнулі працу, нягледзячы на зьмену ўлады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія дэпутаты вітаюць ідэю спрашчэньня выдачы пашпартоў беларусамВясной 2015 году ўсе бацькі дзяцей, якія працягвалі навучаньне на ўкраінскай мове, павінны былі напісаць заяву пра тое, ці жадаюць яны гэтага і ў будучыні. Нягледзячы на тое, што пасьля ўсё школы перавялі на расейскую мову, украінскамоўныя клясы захоўваліся.
Увесь 2014-2015 навучальны год вучні і настаўнікі карысталіся школьнымі бібліятэкамі і старымі падручнікамі, пры гэтым было строга забаронена выдаваць на рукі падручнікі па ўкраінскай гісторыі і геаграфіі.
Усе спрэчныя з пункту гледжаньня ўладаў тэмы на геаграфіі і гісторыі былі заменены на ўрокі, зьвязаныя з «родным краем». У верасьні 2015-га двума афіцыйнымі гуманітарнымі канвоямі ў самаабвешчаную «ДНР» завезьлі новыя падручнікі — пад праграмы, уніфікаваныя з расейскімі. У 2016-м перад пачаткам навучальнага году «міністар адукацыі ДНР» Ларыса Палякова адрапартавала пра закрыцьцё ўсіх украінскіх клясаў у сувязі з «адсутнасьцю жадаючых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Нідэрляндах у справе зьбітага на Данбасе «Боінга» адклалі да лета з прычыны пандэмііАле нават нягледзячы на ўсё гэта ўкраінская мова ў школах прысутнічала. Раз на тыдзень у малодшых клясах, напрыклад, праводзілі адзін урок: 20 хвілін на мову, 20 — на літаратуру. У старэйшых таксама быў адзін сумешчаны ўрок украінскай мовы і літаратуры. На неафіцыйным рынку адукацыйных паслуг рэпэтытары па ўкраінскай мове самыя дарагія — бяз мовы цяжка атрымліваць адукацыю ва ўкраінскіх ВНУ, паток абітурыентаў з Данбасу ў Кіеў, Харкаў і Адэсу па-ранейшаму ёсьць — для такіх хлопчыкаў і дзяўчынак існуюць дзяржаўныя льготныя праграмы.
Адмена ўкраінскай мовы як дзяржаўнай прынясе жыхарам «ДНР» пэўныя праблемы. Пра гэта цяпер шмат пішуць у данецкіх групах у сацыяльных сетках. Большасьць дакумэнтаў на кватэры, шлюбы, нараджэньні, сьмерці і зямельныя ўчасткі ў людзей заставаліся з даваенных часоў — гэта значыць на ўкраінскай мове. Дагэтуль такія дакумэнты выкарыстоўваліся без праблем як складзеныя на «другой дзяржаўнай» мове. Цяпер іх давядзецца перакладаць.