Расейскае Міністэрства фінансаў не вядзе работы па кампэнсацыі расейскім кампаніям пры пастаўках імі нафты ў Беларусь і не знаёмае з такімі плянамі.
Пра гэта 25 сакавіка паведаміла агенцтва «Інтэрфакс-Захад», спасылаючыся на словы намесьніка міністра фінансаў Расеі Аляксея Сазонава.
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас сказаў 24 сакавіка, што расейскія нафтавыя кампаніі дэ-факта будуць пастаўляць нафту ў Беларусь бяз прэміі, дадаючы, што частка прэміі кампэнсуе ім урад Расеі за кошт міжбюджэтных разьлікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыярытэт кампаніям Гуцэрыева. Прэмʼер Румас пра дэталі нафтавай дамовы з РасеяйПаводле Румаса, якога цытавала БелТА, прэмія для расейскіх пастаўшчыкоў нафты складала 11,7 даляра. «З гэтай прэміі 7 даляраў зьніжаюць кампаніі. Гэта значыць, кампаніі будуць пастаўляць нафту з прэміяй 4,7 даляраў. Яны будуць урэгуляваныя міжбюджэтнымі разьлікамі. То бок урад Расейскай Фэдэрацыі возьме гэтыя $ 4,7 на сябе», — растлумачыў прэм’ер-міністар Беларусі.
Сазанаў заявіў журналістам, што ня ведае аб схеме кампэнсацый і ні з кім не працуе на гэты конт. «Мы цяпер ніякай працы на гэты конт не вядзем», — падкрэсьліў ён, адмовіўшыся камэнтаваць словы Румаса.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае нафтавае пагадненьне з Расеяй?