Празь няўзгодненасьць ведамстваў грамадзяне Беларусі ня могуць скарыстацца транзытам праз тэрыторыю Расеі, на што ёсьць дазвол расейскага ўраду, піша БелТА.
24 сакавіка з Дамініканы ў маскоўскі аэрапорт Унукава прыбылі сем беларускіх грамадзянаў. Яны набылі квіткі на рэйс авіякампаніі «Белавія» у Менск, які адлятаў увечары 24 сакавіка зь іншага аэрапорту — Дамадзедава. Памежная служба Расеі аформіла дакумэнты для пропуску беларусаў, у аэрапорт прыбыло паліцэйскае суправаджэньне. Аднак прадстаўнік Расспажыўнагляду адмовіўся падпісваць акт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грамадзян Беларусі не саджаць». Беларускія турысты ня могуць вярнуцца дадому праз МасквуУ выніку беларускія грамадзяне застаюцца ў транзытнай зоне. Амбасада Беларусі ў Расеі намагаецца перарэзэрваваць пратэрмінаваныя квіткі. 25 сакавіка ва Ўнукава чакаецца прыбыцьцё яшчэ адной групы беларусаў, якія рызыкуюць апынуцца ў аналягічнай сытуацыі.
Дапоўнена: а 17-ай гадзіне 25 сакавіка прэс-сакратар амбасады Беларусі ў Расеі Алег Мазура паведаміў БелТА, што сытуацыя вырашылася: цяпер на аўтобусе дыпмісіі беларусаў вывезьлі з Унукава ў аэрапорт Дамадзедава, адкуль, як плянуецца, яны вылецяць у Менск у 19.55 рэгулярным рэйсам «Белавія». У той жа час ён дадаў, што цяпер у аэрапорце Ўнукава застаюцца яшчэ 63 беларусы, якія чакаюць рашэньня пытаньня з адпраўкай на радзіму.
Праз распаўсюд каранавірусу Расея з 18 сакавіка забараніла ўезд на сваю тэрыторыю іншаземцам, у тым ліку грамадзянам Беларусі. У складанай сытуацыя апынуліся многія беларусы, якія ляцелі за мяжу праз маскоўскія аэрапорты. Большасьць расейскіх рэйсаў з краін Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну прыбываюць ва Ўнукава, адкуль няма наўпроставых зносінаў зь Менскам.
Пазьней расейскі бок зьмякчыў умовы, дазволіўшы грамадзянам краін СНД перасоўвацца транзытам празь іншыя паветраныя пункты пропуску. Аднак няўзгодненасьць паміж расейскімі ведамствамі прыводзіць да таго, што пасажыры застаюцца блякаванымі ў транзытных зонах.