Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, былы кіраўнік Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк, які цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку, павіншаваў суайчыньнікаў з Днём Волі.
У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Пазьняк зьвярнуў увагу на гістарычнае значэньне абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
«Настае 25-ы сакавік, Дзень Волі. Гэта наша вялікае нацыянальнае сьвята. 25 сакавіка 1918 году была аб’яўлена незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў этнаграфічных межах расьсяленьня беларусаў. Гэта было фактычна адраджэньне Вялікага Княства Літоўскага ў новай нацыянальнай назьве —Беларусь. Стварэньне дзяржавы Беларусь засьведчыла жыцьцядзейнасьць новай беларускай нацыі. Віншую ўсіх беларусаў з гэтым вялікім днём! Віншую і разумею, што нельга рабіць баль у час чумы, выходзіць на вуліцы і плошчы. Каранавірус — гэта ёсьць чума ХХI стагодзьдзя. Таму заклікаю адзначаць сьвяты і гэты вялікі дзень у нашых душах, у сем’ях, у нашых дамах, побач з блізкімі людзьмі, разам зь сябрамі. Няхай сёлета гэты гістарычны дзень стане нашым сямейным сьвятам. Няхай зьяднае ўсіх нас блізка, ідэйна. Няхай агонь Волі гарыць у нашых вокнах! Няхай засьведчыць у цяжкі для Бацькаўшчыны час салідарнасьць і духоўнае адзінства нашай нацыі!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: у Беларусі і сьвеце сьвяткуюць Дзень ВоліПаводле Зянона Пазьняка, сам ён таксама будзе адзначаць Дзень Волі дома, разам з жонкай. У Нью-Ёрку спыненыя масавыя мерапрыемствы, і беларуская дыяспара ўпершыню за некалькі дзясяткаў гадоў ня ладзіць ніякіх публічных сьвяточных імпрэзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні зачыталі Трэцюю Ўстаўную грамату БНР і прасьпявалі гімны. ФОТА, ВІДЭАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзень Волі. Дзень Незалежнасьці. Як называць галоўнае сьвята