Церашковіч: Эпідэміі ў пэўным сэнсе — рухавікі прагрэсу

Павал Церашковіч

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.

Сёньня прапануем вашай увазе адказы гісторыка і культурнага антраполяга Паўла Церашковіча.

Сьцісла:

  • Усё, што можа прапанаваць наша звыштэхналягічная цывілізацыя — гэта мыць рукі і заставацца дома
  • Выглядае так, што ў Беларусі ўлады спадзяюцца на сыстэму інфэкцыйнай бясьпекі, што засталася ў спадчыну ад СССР
  • Паніка страшная на вайне, калі салдат кідае зброю і бяжыць. А тут што кідаць, куды бегчы?
  • Гісторыя дзяржаў сьведчыць, што пасьля кожнага маштабнага катаклізму яны рабіліся яшчэ больш моцнымі
  • Чым больш трывалая інфэкцыя — тым вышэйшая пэўнасьць таго, што вакцына будзе
  • На вакцыну трэба паўтара года. Ці будзе яна яшчэ патрэбная — складанае пытаньне
  • Стварэньне ўнітазу з водным затворам стала вынікам некалькіх эпідэміяў халеры ў Вялікабрытаніі ў першай палове ХІХ стагодзьдзя

— Беларусь — адна з нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла самых жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны. Але Беларусь — не адзіная краіна, якая не ўвяла карантын і локдаўн. Апошняе — амаль поўнае спыненьне эканомікі, акрамя сфэраў, якія забясьпечваюць выжываньне. Падобную, ня самую жорсткую тактыку, абралі Вялікабрытанія і Паўднёвая Карэя. Толкам як правільна рабіць, ня ведае ніхто. А паводле вашага разуменьня, адчуваньня — як правільна, як па-чалавечы? Ці тут павінная быць нейкая нечалавечая лёгіка?

— Адносна таго, што ніхто ня ведае як правільна рабіць, то сытуацыя ў пэўным сэнсе камічная: усё, што можа прапанаваць наша звыштэхналягічная цывілізацыя — гэта мыць рукі і заставацца дома. Годны вынік 4,5 тысячагодзьдзяў разьвіцьця.

Нагадаю, што эпідэміі, разам з войнамі, сацыяльнай дыскрымінацыяй, рабствам і прыгонам ёсьць выдаткамі, неад’емным наступствам існаваньня цывілізацый. Да нэалітычнай рэвалюцыі эпідэмічныя захворваньні былі практычна не вядомыя. Пераход да аселага ладу жыцьця і дамэстыфікацыя (прыручэньне) жывёлаў стварылі неабходныя ўмовы для эпідэмій, а ўздым уласна цывілізацый, заснаваных на дзяржаўнай уладзе, падвышэньні шчыльнасьці насельніцтва — зрабілі іх непазьбежнымі.

Што тычыцца сёньняшніх стратэгій выхаду з крызісу, то сытуацыя вельмі хутка зьмяняецца. Вялікабрытанія, як мы бачым, ужо адмовілася ад першапачатковага варыянту. Тое ж самае і ў Швэцыі. Калі параўнаць стратэгію беларускіх уладаў з далёкаўсходнімі краінамі (гэта ня толькі Паўднёвая Карэя, але і куды больш пасьпяховы выпадак Тайваню), то яна шмат у чым не падобная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юваль Гарары: Сьвет пасьля каранавірусу

Ёсьць як меней два істотных адрозьненьні: па-першае, у Беларусі няма (ці гэта проста ня бачна) адзінага антыкрызіснага цэнтру. Рашэньні прымае Мінздраў, але гэтага недастаткова. Па-другое, у гэтых краінах і ня толькі ў іх (Сынгапур, Віетнам) мабільныя прыкладаньні да смартфонаў былі выкарыстаныя для адсочваньня перамяшчэньня людзей. Гэтыя зьвесткі аналізаваліся з дапамогай тэхналёгій big data. У Беларусі гэтага няма.

Больш таго, ёсьць шмат інфармацыі, што кантроль на межах не такі пільны, як у згаданых азіяцкіх краінах. Прыклад бізнэсоўца, ад якога падхапілі заразу і супрацоўнікі ЛОДЭ, і тэнісісты, і студэнты БДУ, яскрава аб тым сьведчыць. Выглядае так, што ў Беларусі ўлады спадзяюцца на сыстэму інфэкцыйнай бясьпекі, што засталася ў спадчыну ад савецкай мэдыцыны: санстанцыі, інфэкцыйныя шпіталі і г. д. Ніхто ня ведае, ці спрацуе яна добра.

Гэта чымсьці нагадвае гісторыю войнаў: генэралы, якія плянуюць новую вайну сыходзяць са сваіх уяўленьняў аб войнах мінулага. Сёньня мы сутыкнуліся зь першай пандэміяй глябалізаванага сьвету, а савецкая мэдыцына — гэта індустрыяльная эпоха.

Як мне падаецца, нават у яе парадыгме, у якой прыняцьце радыкальных рашэньняў залежыць ад нейкіх колькасных індыкатараў, можна шмат што зрабіць для бясьпекі груп насельніцтва, якія знаходзяцца ў становішчы найбольшай рызыкі. Напрыклад, людзі, праца якіх зьвязаная з падвышанай колькасьцю беспасрэдных кантактаў (мэдычны пэрсанал, сфэра гандлю), павінныя мець элемэнтарныя сродкі асабістай бясьпекі (маскі, пальчаткі і г. д.).

І яшчэ выкладчыкі, асабліва ўнівэрсытэцкія. У нас тры чвэрці прафэсараў старэйшыя за 60 гадоў. Іх тэрмінова трэба адпраўляць у жорсткую самаізаляцыю. Тое ж тычыцца цяжарных, чый імунітэт натуральным чынам зьніжаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарняўская: Галоўнае пачнецца, калі каранавірус будзе пераможаны

— Дзеяньні беларускіх уладаў многім нагадваюць паводзіны ўладаў СССР падчас Чарнобыльскай катастрофы. Галоўнае — каб не было панікі. А можа і праўда — паніка тут горш за пандэмію?

— Шчыра кажучы, я не разумею, у чым можа выявіцца паніка зараз? У падвышаным попыце на туалетную паперу? Паніка страшная на вайне, калі салдат кідае зброю і бяжыць. Гэта сапраўды катастрофа. А тут што кідаць, куды бегчы?

Што да аналёгій з падзеямі 1986 году, то сытуацыя ў нечым падобная, у нечым — не. У той час быў дэфіцыт інфармацыі, але былі ў наяўнасьці простыя сродкі, каб зьменшыць наступствы катастрофы. Для мяне асабіста надзейнымі крыніцамі сталі перадачы радыё: швэдзкага на рускай мове, якое чамусьці не глушылі, і польскага. Швэды паведамілі пра тое, што адбылося, палякі — чым ратавацца. Гаворка ішла пра прэпараты зь ёдам: трэба было заблякаваць шчытападобную залозу звычайным ёдам, каб туды не трапляў радыеактыўны. Яны, антыструмін, былі ў кожнай савецкай аптэцы і каштавалі капейкі. Трэба было толькі сказаць. Але Гарбачоў гэтага не зрабіў. Ён увогуле тры тыдні нічога не казаў. Гэта недаравальна. Сёньня ж інфармацыі безьліч. Аднак антыструміну няма. Застаецца толькі мыць рукі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трэба самаарганізоўвацца і самім клапаціцца пра бясьпеку сваіх сем’яў», — айцец Сергій Лепін

— Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі? Экспэрты гавораць, што мы можам адно рэгуляваць хуткасьць заражэньня, гэта значыць, хуткасьць выміраньня. Гэтае рэгуляваньне ёсьць рэгуляваньне найперш ціску на сыстэму аховы здароўя, на мэдыцыну. А яна ў ніводнай краіне не разьлічаная на такую колькасьць хворых, якім патрэбнае такое складанае і дарагое лячэньне. Калі мы ўсе разам захварэем, шмат людзей памрэ проста таму, што на іх ня хопіць рэсурсаў дапамогі. Што ў гэтай сытуацыі ёсьць гуманнасьць? Грамадзтва можа вырашыць некім ахвяраваць?

— Войны, эпідэміі — заўсёды выклік для гуманнасьці. Тое правіла, якое ўсталявалі італьянскія дактары — выратоўваць маладзейшых, далёка ня самы горшы варыянт вырашэньня праблемы кім ахвяраваць. У грамадзтвах, пабудаваных на сацыяльнай герархіі, звычайна ў першую чаргу ахвяруюць тымі, хто мае меншы доступ да багацьця, улады і прэстыжу.

Ужо сёньня зьявілася інфармацыя аб спробах буйных бізнэс-структур Расеі закупіць ці забраніраваць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх для сваіх кіраўнікоў. А чаго вартая спроба Трампа набыць нямецкую лябараторыю, што пасьпяхова займаецца стварэньнем вакцыны? Набыць так, каб вакцына была зробленая выключна для ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: прастой у эканоміцы можа прычыніць краіне большую шкоду, чым каранавірус

— Ці ня кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым кідае ў яго не іншаземны захопнік — самі грамадзтвы, самі ўлады, у тым ліку і самых дэмакратычных краінаў усталёўваюць такія абмежаваньні свабоды, якія ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні? Пройдзе пандэмія і ўсё вернецца на колы свае? Ці ня вернецца? Ці можна зараз сказаць, чым сьвет пасьля пандэміі будзе непадобны на сьвет да яе?

— Пагроза кібэр-таталітарызму — гэта выклік для сучаснага чалавецтва, нават і пры адсутнасьці пандэміі. Гісторыя дзяржаў сьведчыць, што пасьля кожнага маштабнага катаклізму яны рабіліся яшчэ больш моцнымі. У тым ліку і з пункту гледжаньня кантролю і прымусу ў адносінах да сваіх падданых. І няма сумневу, што будзе спакуса скарыстацца тым, што адбываецца сёньня. Адзіная надзея, што на кожную атруту непазьбежна знаходзіцца проціатрута. Ці будзе сьвет іншым пасьля эпідэміі? Так, зразумела, але не радыкальна. Аб гэтым сьведчыць гісторыя пандэмій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія і Беларусь: хто дзейнічае больш эфэктыўна падчас пандэміі

— Цяпер па ўсім сьвеце зачыняюць межы. Зачыняюць іх унутры Эўразьвязу, зачыніла Расея ўсе свае межы, у тым ліку і з саюзнай Беларусьсю. Прычым, межы зачыняюць ня толькі з краінамі, дзе вышэй заражэньне, што можна патлумачыць мэдычнымі меркаваньнямі. Зачыняюць з усімі, хто ня мы, хто ня з нашага «статку». Час пандэміі — гэта час трыюмфу нацыянальных дзяржаваў і нацыяналізму?

— Ну, па-першае, а хто, калі не нацыянальныя дзяржавы? Усясьветная арганізацыя аховы здароўя? ААН? Па-другое, я б не называў гэта трыюмфам. Дзяржавы, то бок чыноўнікі, ня з самай вялікай ахвотай гэтым займаюцца. І не самым пасьпяховым чынам.

Як ні дзіўна, найбольш адказна вядуць сябе структуры мясцовага самакіраваньня. Я маю на ўвазе камуну Во Эўганеа ў Італіі, у якой тэст на інфэкцыю прайшлі ўсе без выключэньня жыхары, хворыя былі ізаляваныя і праз 10 дзён колькасьць інфікаваных скарацілася на 90%. Кіраўніцтва камуны паўтарыла посьпех уладаў Сэнт-Люісу падчас эпідэміі «гішпанкі» у 1918 годзе. Школы там зачынілі праз два дні пасьля зьяўленьня першага хворага і горад выйшаў з эпідэміі з найменшай колькасьцю страт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Дынько: У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў

— Некаторыя мяркуюць, што пандэмія праз пару месяцаў пойдзе на спад, што хутка знойдуць вакцыну. А калі не? Ці чакаюць нас войны ўсіх супраць усіх за мэдычную дапамогу, за апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, за маску, за рулон туалетнай паперы?

— Паміж памерамі пандэміі і вынаходніцтвам вакцыны існуе надзвычай цынічная дыялектыка: чым больш трывалая інфэкцыя — тым вышэйшая пэўнасьць таго, што вакцына будзе. Бо толькі трываласьць стварае рынак збыту такіх памераў, які можа зацікавіць фармацэўтычныя карпарацыі. Да гэтага трэба дадаць, што нягледзячы ўсю дасканаласьць сучасных тэхналёгій, вакцыну немагчыма стварыць хутка. Міжволі прыгадваецца афарызм са старога савецкага фільму: «Нават калі сабраць дзевяць цяжарных жанчын, разам дзіця не народзіцца праз месяц». На вакцыну трэба паўтара года. Ці будзе яна яшчэ патрэбная — складанае пытаньне.

Што тычыцца вайны ўсіх супраць усіх — я ўсе ж аптыміст. Спадзяюся, да гэтага ня дойдзе. Эпідэміі — у пэўным сэнсе рухавікі прагрэсу. Я маю на ўвазе вакцынацыю, напрыклад. Ці тэхнічныя вынаходніцтва. Стварэньне, даруйце, унітазу з водным затворам стала вынікам некалькіх эпідэміяў халеры ў Вялікабрытаніі ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. Нешта ж зробяць і зараз.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ