Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што парушальнікаў карантыну ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруснай інфэкцыі варта забіваць. Словы кіраўніка Чачні прыводзіць «Каўкаскі вузел».
На пасяджэньні ўрада Чачні Кадыраў распавёў пра жыхара рэспублікі, які вярнуўся з паломніцтва ў Мэку і ня стаў выконваць карантын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Журналістам нічога не казаць». Што адбываецца ў раённым цэнтры Жыткавічах, дзе выявілі каранавірус«Калі ў яго гэтая хвароба, тысячамі людзі захварэюць, — сказаў кіраўнік Чачні, дадаўшы: — Чалавека, які сам сабе стварае гэтую праблему, калі спытаць мяне, варта было б забіць. Ня толькі сам хварэе, [але і заражае] сваю сям’ю, сваіх сясьцёр, братоў, суседзяў».
Па афіцыйных дадзеных, у Чачні выяўлены адзін выпадак інфікаваньня каранавірусам, яшчэ ў двух чалавек — падазрэньне на інфікаваньне. Двое нядаўна вярнуліся з Мэкі, адзін прыехаў са Стамбула, — піша «Медиазона».
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
11 сакавіка Кадыраў заклікаў не перажываць з прычыны каранавіруса, сьцьвярджаючы, што тыя, у каго ёсьць здароўе, яго перанясуць, а тыя, у каго яго няма, — не перанясуць. Кадыраў таксама рэкамэндаваў есьці часнык для ўмацавання імунітэту (САЗ ня лічыць такую меру прафіляктыкі дзейснай).