COVID-19: гішпанскія салдаты знаходзяць мёртвых у дамах састарэлых

Дом састарэлых у Мадрыдзе

Ужо больш за 2500 чалавек у Гішпаніі сталі ахвярамі каранавірусу.

Вайскоўцы Брыгады надзвычайных сытуацый гішпанскага войска, накіраваныя на барацьбу з эпідэміяй каранавіруснай інфэкцыі, выявілі ў дамах састарэлых у розных правінцыях краіны, куды яны прыйшлі праводзіць дэзынфэкцыю, сотні пажылых пацыентаў, цалкам кінутых, а часам ужо і мёртвых.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пэрсанал установаў, які павінен даглядаць за пажылымі людзьмі, нярэдка ўцякае, кінуўшы іх паміраць без догляду. Часам целы памерлых пакідалі наўпрост у ложках, калі санітары лічылі, што гэтыя людзі маглі памерці ад COVID-19, і баяліся перанесьці іх хоць бы ў морг.

Міністар абароны Гішпаніі Маргарыта Раблес заявіла, што войска ўзрушанае тым, што здарылася і мае намер далей дзейнічаць у падобных выпадках «максымальна жорстка і сурова». Генэральная пракуратура Гішпаніі ўжо распачала ў сувязі з гэтымі фактамі крымінальную справу.

У Гішпаніі амаль 19 адсоткаў насельніцтва — людзі старэйшыя за 65 гадоў. Як мінімум да 11 красавіка ў краіне ўведзены жорсткі агульнанацыянальны карантын. Эпідэмія зараз распаўсюджваецца ў Гішпаніі ўжо хутчэй, чым у Італіі, прычым ва ўсіх правінцыях і аўтаноміях, ад Андалусіі да Каталёніі — у апошнія суткі памерлі амаль 480 чалавек. Усяго заразіліся амаль 40 тысяч, амаль 2700 памерлі. Пры гэтым, як і ў Італіі, хворым не хапае апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У выніку лекары мусяць адмаўляць паміраючым старым, аддаючы апараты маладым, якія маюць больш шанцаў выжыць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ