Міністэрства замежных справаў Беларусі не чакае, што ў сувязі з дамовамі аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі з Эўразьвязам у Беларусь пойдзе плынь нелегальных мігрантаў з Эўразьвязу, перадае «Інтэрфакс».
«З боку Эўрапейскага зьвязу да нас незаконных міграцыйных плыняў няма або практычна няма, гэта нейкія адзінкавыя асобы, — заявіў 24 сакавіка намесьнік міністра замежных справаў Яўген Шастакоў. — З другога боку, тая міграцыя, якая ідзе з жаданьнем незаконна трапіць у Эўрапейскі зьвяз, яна ў нас ёсьць, і мы зь ёй умеем змагацца».
Паводле Шастакова, менавіта незаконная міграцыя з Расеі «стварае больш праблемаў» Беларусі. Ён нагадаў «чачэнскую сытуацыю», калі «яны цэлымі пасёлкамі перабіраліся ў Берасьце і спрабавалі на рэгулярнай аснове перасекчы мяжу з Польшчай».
Як кажа намесьнік міністра, тады «мы былі абсалютна бясьсільныя, бо яны грамадзяне Расеі і могуць знаходзіцца на тэрыторыі „саюзнай дзяржавы“ колькі ім заўгодна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чачэнскі экспрэс». Рэпартаж зь берасьцейскага цягніка, на якім сотні чачэнцаў спрабуюць патрапіць у ЭўразьвязБеларусь і Эўразьяз падпісалі дамовы аб рэадмісіі і спрашчэньні візавага рэжыму 8 студзеня.
Пасьля ратыфікацыі яны набудуць моц, а ратыфікацыю ў Беларусі плянуюць ужо гэтай вясной — кажуць, дамовы могуць пачаць дзейнічаць ад 1 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз і Беларусь падпісалі пагадненьне, якое дае магчымасьць візаў па 35 эўра. ФОТА, ВІДЭА