Інтэрнэт-відэасэрвіс Voka кампаніі A1 пакажа ў жывым эфіры спэктакаль «Паўлінка» ў выкананьні Купалаўскага тэатру.
Пачатак 27 сакавіка а 19.00, прагляд бясплатны і нават не патрабуе рэгістрацыі на сэрвісе.
Упершыню «Паўлінку» паставілі ў 1913 годзе ў Радашкавічах. Ставіў спэктакль Менскі драматычны гурток, якім кіраваў Флярыян Ждановіч, а сярод гледачоў быў і сам аўтар — Янка Купала.
Цяперашні паказ (як у інтэрнэце, так і ў самім тэатры) пройдзе ў Міжнародны дзень тэатру. Паказ у самім тэатры не адменены, пройдзе з гледачамі, нягледзячы на пандэмію каранавірусу.
Менавіта «Паўлінкай» пачынаецца кожны сэзон Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, а пастаноўка ў рэпэртуары ўжо больш за 70 гадоў. У 2019 годзе «Паўлінку» прызналі нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі.
Галоўную ролю ў спэктаклі выконвалі ўжо амаль два дзясяткі акторак. Цяпер гэтая роля дасталася Марце Голубевай (яна ж — Марыся з «Пінскай шляхты», Барбара з «Чорнай панны Нясьвіжу», Зося з «Пана Тадэвуша»). Рэжысэр — Леў Літвінаў, мастак — Барыс Малкін, аранжыроўка музыкі ад Уладзімера Кур’яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тутэйшых» у Купалаўскім паставяць у чэрвеніСэрвіс абяцае шматкамэрную мастацкую здымку спэктаклю, а таксама пры жаданьні карыстальніка субтытры на расейскай мове.
Звычайна для прагляду відэа на сэрвісе Voka патрэбна рэгістрацыя — даюць 30 бясплатных дзён, пасьля падпіска каштуе да 20 рублёў за месяц. «Паўлінку» абяцаюць паказаць нават незарэгістраваным, па гэтай спасылцы.