Міністэрства аховы здароўя Беларусі 25 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 29 пацыентаў «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні». Яшчэ два выпадкі правяраюць дадаткова.
Учора статыстыкі не агучвалі. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 81 выпадак COVID-19: 15 выпісаных здаровымі, 61 хворага або пад назіраньнем мэдыкаў. Наймаладзейшаму пацыенту было 2 гады. Тады Мінздароўя заклікала да «сацыяльнага дыстанцыяваньня», прасіла людзей старэйшага ўзросту заставацца па магчымасьці дома.
За два дні, паводле міністэрства, выявілі 5 новых выпадкаў, а здаровымі сталі лічыць 14 новых пацыентаў — хворых проста цяпер становіцца менш. Колькасьць «актыўных выпадкаў» цяпер расьце амаль па ўсім сьвеце, зьмяншаецца толькі ў Кітаі і Паўднёвай Карэі.
Паводле Мінздароўя, у Беларусі ўжо праведзена каля 23 тысяч тэстаў на COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі лекар, які заклікаў да карантыну: «Зь Нідэрляндаў напісалі, якія вар’яты жывуць у Беларусі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі далучылася да ўсясьветнага флэшмобу «Заставайцеся дома»Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.