Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп заявіў у панядзелак, што разглядае пытаньне аб тым, каб аднавіць працу эканомікі ЗША, калі на наступным тыдні закончыцца 15-дзённы карантын, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Яго заявы прагучалі на фоне хуткага распаўсюджваньня каранавірусу ў краіне, і падрыхтоўкі шпіталёў да хвалі сьмерцяў, звязаных з COVID-19.
«Амэрыка зноў неўзабаве будзе адкрытая для бізнэсу, — заявіў Трамп на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме. — Мы не дазволім ператварыць гэта ў доўгатэрміновую фінансавую праблему».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзіны сэнатар, які прагаласаваў супраць фінансаваньня барацьбы з каранавірусам у ЗША, інфікаваны COVID-19Тыдзень таму Трамп выдаў рэкамэндацыі, якія, паводле яго, накіраваныя на запаволеньне распаўсюду каранавірусу цягам 15 дзён, уключна з абмежаваньнем непатрэбных паездак. Між тым у некаторых штатах эканамічная дзейнасьць была прыпыненая.
Назіраючы за стратай працоўных месцаў і рэзкім падзеньнем на фондавых рынках на фоне кампаніі свайго перавыбраньня, Трамп у прыватным парадку выказваў занепакоенасьць сваім памочнікам і саюзнікам з нагоды ўплыву уведзеных абмежаваньняў на доўгатэрміновы стан эканомікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: у ЗША 10 тысяч новых выпадкаў за дзень, у сьвеце агулам звыш 380 тысяч выпадкаўКаранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.