Шматразовыя мэдычныя маскі шыюць на 15 прадпрыемствах ува ўсёй Беларусі. У канцэрне лёгкай прамысловасьці «Беллегпрам» Свабодзе патлумачылі, чаму Беларусь не экспартуе масак і чаму яны цяпер такія дарагія.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як шмат выпускаюць масак і дзе
Да вытворчасьці масак залучылі 15 прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці ува ўсёй Беларусі. Асноўныя фабрыкі ў наступных гарадах: Бабруйск, Баранавічы, Берасьце, Жлобін, Жодзіна, Магілёў, Наваградак, Пінск, Рэчыца, Салігорск.
Як паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка «Беллегпраму» Марына Саўчук, дзяржаўныя прадпрыемствы цяпер выпускаюць каля 300 тысяч масак у дзень. Апроч таго, маскі вырабляюць і на прыватных прадпрыемствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 81. Мінздароўя агучыла новыя лічбы інфікаваных каранавірусам і заклікала да «сацыяльнага дыстанцыяваньня»
Чаму маскі не экспартуюць
Нягледзячы на вялікія аб’ёмы вытворчасьці масак, іх пакуль не экспартуюць.
«Штодня паступаюць заяўкі з амбасадаў і консульстваў, але на экспарт маскі не ідуць», — сказала Марына Саўчук.
У «Беллегпраме» тлумачаць, што экспарт магчымы толькі пасьля таго, як будзе назапашана досыць масак для ўнутранага рынку.
«Мусім быць упэўнены, што маем запас, — сказала Марына Саўчук. — Калі раптам нават будзе хваля падвышанага попыту, каб мы маглі адгрузіць патрэбную колькасьць масак».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя Беларусі далучылася да ўсясьветнага флэшмобу «Заставайцеся дома»
Чаму маскі такія дарагія
Маскі, вырабленыя на прадпрыемствах «Беллегпраму», найперш пастаўляюць у дзяржаўныя аптэкі сетак «Белфармацыя» і «Белмэдтэхніка». Там яны павінны каштаваць 1,1 рубля за штуку. Маскі дарагія, бо шматразовыя, тлумачаць у «Беллегпраме». Такія маскі можна стэрылізаваць і выкарыстоўваць паўторна.
Аднак у будучыні цана беларускіх масак можа зьменшыцца.
«Пакуль попыт не спадае, — сказала Марына Саўчук. — Але нашыя прадпрыемствы працуюць над тым, каб зьменшыць цану масак».
Свабода праводзіла экспэрымэнт і спрабавала набыць маскі ў менскіх аптэках. Там яны каштавалі да 2 рублёў за штуку. У «Беллегпраме» кажуць, што такія цэны выстаўляюць прыватныя аптэкі.
Чаму ня шыюць аднаразовых масак Папраўдзе шыюць. Прынамсі два прыватныя прадпрыемствы ў Беларусі выпускаюць аднаразовыя маскі. А цяпер іх выпуск асвоілі і на прадпрыемстве «МедЛен» у Горадні, якое ўваходзіць у «Беллегпрам». Гэта трохпластовыя маскі, якія вырабляюць цалкам зь беларускіх матэрыялаў.
Калі новыя аднаразовыя маскі зьявяцца ў продажы і колькі яны будуць каштаваць, пакуль невядома.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ