На ўмовах ананімнасьці беларус, які стала жыве ў Іркуцку, распавёў Радыё Свабода пра сытуацыю ў гэтым расейскім горадзе.
«У Іркуцку і вобласьці на вуліцу выходзіць можна, але зачыненыя тэатры і кінатэатры. Школьнікі адпраўленыя на доўгатэрміновыя канікулы. У ВНУ лекцыі праходзяць па відэасувязі. Афіцыйна пра наяўнасьць хворых на каранавірус не абвешчана, але мы думаем, што ён у нас ёсьць, толькі ўлады замоўчваюць.
Тэст на вірус здаць немагчыма, нават за грошы, бо дадзена каманда браць толькі ў цяжкахворых. А калі ты кашляеш ды пры гэтым ходзіш на нагах, дык і хадзі сабе.
Ад дактароў вядома, што ў рэгіёне праблема з апаратамі вэнтыляцыі лёгкіх. Тыя, якія ёсьць, старыя, і існуе небясьпека, што ў выпадку рэзкага павелічэньня хворых яны ня вытрымаюць і іх увогуле можа не хапіць.
Людзі ходзяць бяз масак, бо іх няма ў прынцыпе. У крамах хапун, людзі скупляюць усё. Паліцы пустыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея адкрыла мяжу для транзыту грамадзян Беларусі і іншых краінаў СНД