У 16-тысячным раённым цэнтры Жыткавічах Гомельскай вобласьці выявілі жанчыну, у якой пацьвердзілася захворваньне COVID-19. Пра гэта на брыфінгу ў Менску паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
Чыноўніца сказала, што каранавірус у пацыенткі з Гомельскай вобласьці выявілі 22 сакавіка. Яна ня мае патрэбы ў інтэнсіўнай мэдычнай дапамозе, «была дастаўленая на абласны узровень», «у раёне праводзяцца проціэпідэмічныя захады».
УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Як стала вядома Свабодзе, жанчыне 58 гадоў, яна жыве ў Жыткавічах, працуе на адным з прадпрыемстваў начальніцай аддзелу кадраў.
На прадпрыемстве Свабодзе паведамілі, што на вытворчасьці ўжо тры дні праводзяць санітарную апрацоўку, з панядзелка лекары мераюць тэмпэратуру супрацоўнікам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 42 чалавекі ў ізаляцыі праз каранавірус у жыхаркі ЖыткавічаўЖанчына ўжо тыдзень была на лекарскім вызваленьні, у яе дыягнаставалі запаленьне лёгкіх, затым 22 сакавіка выявілі каранавірусную інфэкцыю і тады ўжо перавялі ў Гомельскі абласны сухотны шпіталь.
З словаў працадаўцы, жанчына не выяжджала за мяжу апошнім часам.
«У Жыткавічах за тыдзень нават здымак не зрабілі!»
«Дагэтуль яна тыдзень была на бальнічным. За гэты час нават здымак лёгкіх не зрабілі. У суботу яна страціла прытомнасьць, калі выйшла ад тэрапэўта. Трапіла ў рэанімацыю», — расказала пляменьніца жыхаркі райцэнтру.
Пляменьніца вучыцца ў Менску. У нядзелю 22 сакавіка яна ехала з Жыткавічаў на аўтамабілі на вучобу ў сталіцу.
«Патэлефанавала маці і паведаміла, што ў цёткі выявілі каранавірус. Мы яе адведвалі ў суботу ў шпіталі.
Цётка тыдзень хварэла, быў сухі кашаль, цяжкасьці з дыханьнем, ёй ставілі дыягназ „вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя“. Лепш ён не рабілася. У суботу яна пайшла на чарговы прыём да тэрапэўта ў паліклініку, скардзілася на слабасьць. Доктар сказаў: „Ну што вы хочаце, вы ж хварэеце“.
Пасьля прыёму ў тэрапэўта яна страціла прытомнасьць.
Яе паклалі ў рэанімацыю, там паставілі дыягназ „запаленьне лёгкіх“», — расказала пляменьніца.
Дзяўчына, як прыехала ў Менск, сама выклікала «хуткую». Яе завезьлі ў 6-ы сталічны шпіталь. «Узялі ўсе неабходныя аналізы, чакаю вынікаў», — дадала пляменьніца.
Яе маці і іншыя сваякі, якія кантактавалі з жанчынай, цяпер знаходзяцца ў інфэкцыйным аддзяленьні Жыткавіцкага раённага шпіталя. Іншых «кантактных» накіравалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.
Пляменьніца дадала, што дзецям захварэлай жанчыны толькі сёньня патэлефанавалі з паліклінікі Жыткавічаў і прапанавалі зрабіць мазок. «Яны (мясцовыя мэдыкі. — РС) нават ня ведалі, што тых яшчэ учора шпіталізавалі ў Гомель!», — абурылася дзяўчына.
Гэта другі выпадак захворваньня на COVID-19 у Гомельскай вобласьці.
Паводле апошніх зьвестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у краіне зафіксаваны 81 выпадак захворваньня на каранавірус. 59 чалавек застаюцца хворымі, яшчэ 22 выпісаныя або «рыхтуюцца да выпіскі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ