Урад Беларусі адрэагаваў на звароты прадпрымальнікаў аб дапамозе ва ўмовах пандэміі 

Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзьмітры Круты

Беларускі ўрад разглядае комплекс захадаў для падтрымкі бізнэсу на фоне пандэміі каранавірусу, паведаміла агенцтва БелТА са спасылкай на першага намесьніка прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Крутога.

Паводле чыноўніка, ва ўрадзе разгледзелі зварот бізнэс-саюзаў, цяпер абмяркоўваюцца далейшыя крокі з усімі асацыяцыямі і найбольш пацярпелымі кампаніямі. Аднак канкрэтныя захады пакуль не агучваюцца.

«Сьпіс вельмі вялікі. Плюс мы вывучаем тыя рашэнні, якія прынялі эўрапейскія краіны, Расея, ЗША. Паглядзім, можа, нешта цікавае з гэтых дакумэнтаў для сябе возьмем», — сказаў Круты, падкрэсьліўшы, што пытаньне трэба вырашаць апэратыўна.

Ва ўрадзе яшчэ ня маюць зьвестак, якія страты панёс беларускі бізнэс, там пакуль адсочваюць сытуацыю, сказаў Круты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадпрымальнікі просяць урад Беларусі абвесьціць надзвычайнае становішча ў сувязі з каранавірусам

У той жа час некаторыя падпрымальнікі выказалі абурэньне тым, што Савет Міністраў ужо ананасаваў раней. 20 сакавіка прынялі ўрадавую пастанову, якая павялічвае на 6% базавую арэндную плату. Цяпер яна будзе складаць 17 рублёў 85 капеек.

Раней Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва накіравала кіраўніку прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігару Сергеенку і прэм’ер-міністру Сяргею Румасу ліст з просьбай падтрымаць бізнэс ва ўмовах страты даходаў і кліентаў праз распаўсюд каранавірусу.

Сярод іншага падпісанты прасілі замарозіць арэндную плату хаця б на час пандэміі.

***

Акрамя таго, міністар падаткаў і збораў Сяргей Налівайка расказаў БелТА, што ягонае ведамства атрымала ад прэм’ера даручэньне разглядзець магчымасьць так званых «падатковых вакацыяў» — адтэрміноўкі выплаты падаткаў. Рашэньне мяркуюць прыняць да канца месяца.

У Нацбанку ў сваю чаргу разглядаюць «крэдытныя вакацыі» — паслабленьні банкам у кіраваньні рызыкамі. Адносна крэдытаў фізычных асобаў Нацбанк ужо рэкамэндаваў «індывідуальны падыход».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ