«Трэба самаарганізоўвацца і самім клапаціцца пра бясьпеку сваіх сем’яў», — айцец Сергій Лепін

Сергій Лепін

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы протаярэя Сергія Лепіна — старшыні cынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату.

Сьцісла:

  • Або мы выйграем велізарную колькасьць сродкаў, адмовіўшыся ад глябальнай ізаляцыі ды іншых нятанных мер, або... здорава прайграем, разьлічваючыся чалавечымі жыцьцямі
  • Гэта час для ўзмоцненых малітваў і пакаяньня, якія павінны прывесьці чалавека да абнаўленьня яго надзеі на Бога
  • Трэба маліцца за ўладу — яна прымае рашэньні, вынікі якіх датычацца ўсіх
  • Улада Прэзыдэнта — вельмі вялікая, але яе ўсе роўна недастаткова, каб загадваць стыхіямі прыроды і духамі хваробаў
  • Я б засьцярог ад прамых атаясамленьняў хваравітасьці і грэшнасьці, праведнікі таксама паміраюць, а часам — і ад лютых хвароб
  • Для ўладаў ў такой сытуацыі няма бяспройгрышных варыянтаў
  • Трэба неяк самаарганізоўвацца і самім клапаціцца аб бясьпецы сваіх сем’яў і працоўных калектываў
  • Як мне здаецца, для нашай краіны локдаўн эканамічна сьмяротны
  • У Эўропе свой карантын, у РФ — свой, а мы і без тытуню, і безь сяброў — самі па сабе

— Беларусь — адна зь нешматлікіх краінаў у сьвеце, якая не прыняла самых жорсткіх мераў супраць пандэміі: не зачыніла межы, не закрыла школы і ВНУ, кіраўнік дзяржавы кажа, што пандэмія — гэта «псыхоз», маўляў, на трактары ніякі каранавірус ня страшны. Але Беларусь — не адзіная краіна, якая не ўвяла карантын і локдаўн. Апошняе — амаль поўнае спыненьне эканомікі, акрамя сфэраў, якія забясьпечваюць выжываньне. Падобную, ня самую жорсткую тактыку, абралі Вялікая Брытанія і Паўднёвая Карэя. Толкам як правільна рабіць, ня ведае ніхто. А паводле вашага разуменьня, адчуваньня — як правільна, як па-чалавечы? Ці тут павінная быць нейкая нечалавечая лёгіка?

— Я не эпідэміёляг, таму не магу судзіць аб прафэсійнасьці ці дастатковасьці прынятых мер. Але я магу сказаць, чаго асабіста мне не хапае для фармаваньня свайго абыватальскага ўяўленьня пра тое, з чаго менавіта зыходзіць упэўненасьць уладаў у сваёй рацыі. Меры, якія прымаем мы, і меры, якія прымаюць нашы суседзі, адрозьніваюцца. На чым грунтуецца гэтая розьніца? На першы погляд наагул можа здацца, што Беларусь — гэта краіна «covid-дысідэнт», якая не прызнае рэальнасьць пагрозы ці лічыць, што рызыка перабольшаная і не заслугоўвае радыкальных мер.

Мне даводзілася чытаць у кагосьці пра тое, што ў нас, маўляў, арганізацыя аховы здароўя іншая — не такая, як у Швайцарыі ці Італіі. Ну, дапусьцім. А іншая — гэта якая: лепшая ці горшая? Можа, наша арганізацыя мэдслужбы больш эфэктыўная ў дадзеным кірунку, ці нашыя дактары больш прафэсійныя і могуць трымаць сытуацыю пад кантролем за кошт меншых мер? А можа вірус у нашых абставінах распаўсюджваецца неяк інакш, таму і меры іншыя? Добра ўсё гэта паказаць і растлумачыць. Трэба весьці работу з насельніцтвам. Зразумеласьць афіцыйнай пазыцыі толькі паспрыяе яе прыняцьцю больш шырокімі коламі, а значыцца — і нівэляваньню наступстваў каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марціновіч: Беларусы нават ад вірусу сыходзяць у партызаны

— Пакуль у Беларусі ніхто не памёр ад каранавірусу, прынамсі, пра сьмерці невядома. Але калі яны зьявяцца — ці ня скажуць людзі ўладзе: вы вінаватыя, што не зачынілі ўсё, што можна, з-за вас памерлі гэтыя людзі? Яны будуць мець рацыю?

— Зразумела, гэта гульня ва-банк: або мы выйграем велізарную колькасьць сродкаў, адмовіўшыся ад глябальнай ізаляцыі ды іншых нятанных мер, або... здорава прайграем, разьлічваючыся чалавечымі жыцьцямі — калі наступны «разбор палётаў» пакажа, што эўрапейская практыка ізаляцыянізму была правільнай і эфэктыўнай, а нашая — не. Як той казаў, трымайце кулачкі.

— Дзеяньні беларускіх уладаў многім нагадваюць паводзіны ўладаў СССР падчас Чарнобыльскай катастрофы. Галоўнае — каб не было панікі. А можа і праўда — паніка тут горш за пандэмію?

— Я бы не стаў аддзяляць паніку ад самой пандэміі. Пандэмія — гэта заўсёды і паніка ў тым ліку. Паніка — гэта найцяжэйшае наступства і ўскладненьне хады эпідэмій, значнасьць і небясьпечнасьць якой таксама не трэба недаацэньваць. Паніцы сапраўды трэба супрацьстаяць. Але чаму надаваць больш увагі і ў першую чаргу, а чаму менш і ў другую чаргу — гэта ўжо кампэтэнтнае рашэньне спэцыялістаў, за якое яны — нагадаю — нясуць адказнасьць перад народам і Богам. Хочацца спадзявацца на лепшае. Менавіта таму і трэба маліцца за ўладу — яна прымае рашэньні, вынікі якіх датычацца ўсіх.

— Цяпер кажуць, што тады ў 1986 годзе ўлады ня слухалі адмыслоўцаў, тых, хто насамрэч ведаў, што рабіць. А зараз ёсьць тыя, хто ведае?

— Рана рабіць такія шырокія параўнаньні — яшчэ ня вечар, і ў нас вельмі мала для гэтага дадзеных. Пажывем — пабачым. Міністэрства аховы здароўя мы чулі. А дзе яшчэ магчыма паслухаць якіх-небудзь іншых нашых адмыслоўцаў-эпідэміёлягаў?

Улада Прэзыдэнта (правапісаньне Сергія Лепіна -РС) — вельмі вялікая, але яе ўсе роўна недастаткова, каб загадваць стыхіямі прыроды і духамі хваробаў. Нельга ж каранавірус проста ўзяць і забараніць. Таму мяркую, што Прэзыдэнт, разумеючы гэта, кіруецца высновай сваіх спэцыялістаў, якія сапраўды ўсё зрабілі для таго, каб Аляксандар Рыгоравіч атрымаў адэкватную інфармацыю, на падставе якой магчыма прыняць правільнае рашэньне. Дарэчы, калі б улады, наадварот, прынялі жорсткія меры, напрыклад, як у Францыі, то таксама знайшлося б шмат тых, хто пачаў бы абвінавачваць урад у злоўжываньні сытуацыяй дзеля абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарняўская: Галоўнае пачнецца, калі каранавірус будзе пераможаны

— Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі? Экспэрты гавораць, што мы можам адно рэгуляваць хуткасьць заражэньня, гэта значыць, хуткасьць выміраньня. Гэтае рэгуляваньне ёсьць рэгуляваньне найперш ціску на сыстэму аховы здароўя, на мэдыцыну. А яна ні ў воднай краіне не разьлічаная на такую колькасьць хворых, якім патрэбнае такое складанае і дарагое лячэньне. Калі мы ўсе разам захварэем, шмат людзей памрэ проста таму, што на іх ня хопіць рэсурсаў дапамогі. Што ў гэтай сытуацыі ёсьць гуманнасьць? Грамадзтва можа вырашыць некім ахвяраваць? Салжаніцын некалі цытаваў расейскую прымаўку — На могілках жывучы, усіх не аплачаш. І сапраўды так?

— Дэанталёгія — складаная навука. Студэнты-мэдыкі, наколькі мне вядома, знаёмяцца з сытуацыямі, у якіх ім пры апэратыўнай абмежаванасьці рэсурсаў (недахопе часу, лекаў, койкамесьцаў, пэрсаналу і г.д.) — не дай Бог! — давядзецца выбіраць, каму дапамагаць у першую чаргу, а каму — у другую ці зусім не дапамагаць. Гэта фрагмэнт прафэсійнай доктарскай кампэтэнцыі. «Гуманна» у такім выпадку значыць дзейнічаць паводле мэдычных ведаў, закону і сумленьня.

— У эпідэміялёгіі ёсьць паняцьце калектыўнага імунітэту. Па-ангельску гэта гучыць нават больш жорстка Herd immunity — імунітэт зграі, статка. Сутнасьць гэтага паняцьця — павінная перахварэць і выжыць настолькі значная доля насельніцтва, што распаўсюд вірусу спыніцца, запаволіцца, упрэцца ў гэтую масу імунізаваных. А ці магчымы духоўны імунітэт нашай чалавечай «зграі» ад гэтай навалы?

— Чалавек — гэта псыхасаматычная істота. Часам менавіта з заняпаду духоўнага і душэўнага жыцьця пачынаюцца праблемы зь фізычным здароўем. Напрыклад, рызыкі захворваньня на сухоты і нават рак — і тыя павялічваюцца на фоне дэпрэсій і нэрвовых зрываў! Не кажу ўжо пра існаваньне прамой залежнасьці з грэшным ладам жыцьця рызыкі ўзьнікненьня некаторых хвароб. Усьведамляючы гэта, Царква заўсёды нагадвала пра тое, што час эпідэмій — гэта час для ўзмоцненых малітваў і пакаяньня, якія павінны прывесьці чалавека да абнаўленьня яго надзеі на Бога. Вера здорава паляпшае прагнозы. Але я б засьцярог ад прамых атаясамленьняў хваравітасьці і грэшнасьці. Праведнікі таксама паміраюць, а часам — і ад лютых хвароб.

— Сучасныя сэкулярызаваныя людзі, і ня толькі ў Беларусі, абвінавачваюць, лаюць уладу за тое, што яна, на іх погляд, нешта ня так робіць падчас пандэміі. Але ці вінаватая яна? А можна тут нешта кардынальнае, істотнае зрабіць у прынцыпе? Вакцыны, леку ад каранавірусу няма. Вось Ангела Мэркель — лідэр свабоднага сьвету — кажа: у Нямеччыне захварэе 60-70%. Можа тут дарэчна адно маліцца, а не абвінавачваць таго, хто такі ж бездапаможны, як і просты люд?

— Для ўладаў у такой сытуацыі няма бяспройгрышных варыянтаў: ніколі нельга вычарпальна даказаць, што ты зрабіў усё, як мае быць, нават тады, калі ты на самой справе зрабіў усё, як мае быць — таму што праўда твая будзе бачная (калі будзе!) толькі потым. Так уладкаваны сьвет: кожны скотнік ведае, што павінны рабіць улады, і чым вышэй гэтыя ўлады, тым лепш ён гэта ведае. Напэўна, не існуе абсалютных мер.

Магчыма, рана ці позна, мы ўсе захварэем на гэты вірус, але ня ўсе выжывем. Калі гэта так, то меры, нават самыя радыкальныя, не прадухіляюць, а толькі расьцягваюць надыход сумных наступстваў: памрэ тая ж колькасьць людзей, толькі за іншы прамежак часу. Плюс-мінус. Вельмі верагодна. Усе ў руках Боскіх! Сапраўды, трэба маліцца і не скарачаць колькасьці сваіх дзён сваімі грахамі. Таксама трэба неяк самаарганізоўвацца і самім клапаціцца пра бясьпеку сваіх сем’яў і працоўных калектываў. Напрыклад, прыходы БПЦ без усялякіх загадаў ад цывільных уладаў пачалі самі прымаць антыэпідэмічныя меры. Рабіце тое, што можаце рабіць — ніхто ж не забараняе. А то ў нас часта толькі іншыя нешта павінныя, а не мы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэй Дынько: У пандэміі галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў

— Зараз улады многіх краінаў уводзяць той самы локдаўн, абмежавальныя меры, на якія раней была здольная хіба Паўночная Карэя. Пройдзе пандэмія і ўсё вернецца на колы свае? Ці ня вернецца? Чым сьвет пасьля пандэміі будзе непадобны на сьвет да яе?

— Усё будзе залежаць ад наступстваў. Калі ў нашай краіне яны будуць такімі ж, як наступствы папярэдніх сьвіных, каровіных, птушыных і яшчэ нейкіх там грыпаў, то не зьменіцца нічога. Улады зрабілі стаўку менавіта на гэта. Як мне здаецца, для нашай краіны локдаўн эканамічна сьмяротны. Маю падазрэньне, мы проста ня ў стане яго сабе дазволіць цалкам. Праграмы карантыну трэба выбіраць тыя, што па сродках. Інакш усё скончыцца абсалютным каляпсам, калі людзі пачнуць паміраць з другой прычыны — не ад каранавірусу, а ад недахопу лекаў ва ўмовах зруйнаванай мэдыцыны, напрыклад. І наўрад ці не ў большай колькасьці! Мы з рознымі стартавымі магчымасьцямі ўвайшлі ў гэты крызіс. Людзі хварэць могуць на адное і тое, але вымушаныя лечыцца ў розных шпіталях ды рознымі лекамі — у залежнасьці ад асабістага прыбытку. У міжнароднай эканоміцы ўсё падобна на гэта. Краіны Эўразьвязу «сьціскаюцца» да тых памераў сваіх эканомік, якія нам не былі даступныя і ў лепшыя часы.

— Цяпер па ўсім сьвеце зачыняюць межы. Зачыняюць іх унутры Эўразьвязу, зачыніла Расея ўсе свае межы, у тым ліку і з Беларусьсю. Прычым, межы зачыняюць ня толькі з краінамі, дзе вышэй заражэньне, што можна патлумачыць мэдычнымі меркаваньнямі. Зачыняюць з усімі, хто ня мы, хто ня з нашай «зграі». Час пандэміі — гэта час трыюмфу нацыянальных дзяржаваў і нацыяналізму, нацыянальных «зграяў»?

— Як той казаў, няма ліха без дабра. Ура, расейцы яшчэ раз прадэманстравалі прызнаньне незалежнасьці нашай «зграі». Давайце глядзець на сытуацыю з аптымізмам! Але калі сур’ёзна... Эпідэмія — гэта тэст ня толькі на пэрсанальную чалавечнасьць. Гэта яшчэ і краш-тест палітычных і эканамічных мадэляў. Эмацыйна мне вельмі зразумелае зьдзіўленьне Лукашэнкі наконт аднабаковага і няўзгодненага зачыненьня межаў расейцамі. Ён у свой час — умоўна кажучы — згадзіўся зачыніць межы з Эўропай дзеля скасаваньня межаў з Расеяй, а зараз высьвятляецца, што мяжа такі ёсьць... У Эўропе свой карантын, у РФ — свой, а мы і без тытуню, і без сяброў — самі па сабе. Прызнаньне наяўнасьці межаў паміж РБ і РФ у такой сытуацыі можна па-рознаму ацэньваць. Але мяне непакоіць лёс кінутых беларускіх турыстаў: сытуацыі, у якіх беларусам пры эвакуацыі з тэрыторыі асобных дзяржаў адмаўлялі ў пасадцы на расейскія самалёты, мне здаецца абуральнай і вартай адназначнага асуджэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рудкоўскі: Каранавірус прымусіў усьвядоміць, наколькі небясьпечна ігнараваць аб’ектыўны стан рэчаў

— Якія асаблівасьці паводзінаў беларусаў падчас пандэміі вы б адзначылі, што яны робяць ня так ці не зусім так, як іншыя народы? Я не пра паводзіны ўладаў, я пра паводзіны грамадзтва ў цэлым.

— У мяне няма вопыту знаходжаньня на тэрыторыі іншых дзяржаў падчас пандэміі. Але мне здаецца, што ў нас вельмі шмат «covid-дысідэнтаў», упэўненых, што гэта ўсё махлярства дзярждэпу, сіяністаў, масонаў ці яшчэ каго, а ў рэальнасьці «ничиво такова» няма. Сярод сьвятароў гэта таксама ёсьць.

— Ужо зараз зьяўляюцца зьвесткі з розных краінаў пра сутыкненьні за рулон туалетнай паперы, за прадукты, за лячэньне. Ці чакае сьвет вайна ўсіх супраць усіх? Што можа яе прадухіліць?

— Ну як сказаць. Пісаньне кажа, што аднойчы такая вайна здарыцца... Калі пачнецца пост-апакаліпсіс і «Fallоut» у рэжыме рэаліці-шоў, то можа адбыцца ўсё. Бо барацьба за ежу і іншыя жыцьцёва неабходныя тавары — самы натуральны і самы «шчыры» від вайны.

Трэба змагацца з прычынамі, якія могуць давесьці народы да такога становішча. Як? Ну, напэўна, сьвет павінны павольна скарачаць разрыў у заробках дактароў і хакеістаў, які мінімум. Трэба рыхтаваць адпаведную крызісную інфраструктуру, разьвіваць навуку ды ўважліва сачыць за тым, што ў ёй адбываецца. Узвышаць маральную адказнасьць навукоўцаў, інжынэраў, вайскоўцаў за вынікі сваёй працы, клапаціцца пра экалёгію, адукацыю, выхаваньне, пашыраць гуманітарныя праграмы...

І варта часьцей задаваць сабе пытаньне «што значыць быць чалавекам?» — і пажадана рабіць гэта падчас дабрабыту, бо за часам бяды адказ будзе не знайсьці. Ну, і ёсьць у мяне рэкамэндацыі «чыста сьвятарскія», датычныя веры ў Ісуса Хрыста, у Царкву, у Сьвятое Пісаньне, у Таінствы... але яны вашаму чытачу не спадабаюцца.