Анархіста Мікалая Дзядка не змаглі асудзіць за надпіс на сьцяне менскага інтэрнату

Мікола Дзядок

Маскоўскі суд Менску 20 сакавіка адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу затрыманага напярэдадні анархіста Мікалая Дзядка.

Што ня так са справай?

З матэрыялаў справы вынікае, што надпіс на інтэрнаце № 1 «МАПІД» зрабілі другога лютага, а Дзядок прыехаў у Беларусь з Польшчы 3 лютага. То бок на момант напісаньня Дзядка не было ў краіне.

Аднак сьведка Юлія Бушлякова сьцьвярджае, што бачыла Дзядка і пазьней пазнала яго па фота. Падчас допыту яна кажа, што бачыла Мікалая прыкладна ў 18.15, калі надпіс быў ужо намаляваны. Ён нібыта яе ўбачыў і адышоў да прыпынку ад парапэта, дзе быў пах фарбы. Паводле яе слоў, Мікола адказаў, што чакае тралейбус. Калі яна вярнулася з інтэрната з вахцёрам, яго не было.