Стрыечны пляменьнік прэзыдэнта Расеі, былы супрацоўнік ФСБ, прадпрымальнік Раман Пуцін зьбіраецца стварыць партыю на базе руху «Людзі справы», які аб’ядноўвае прадстаўнікоў бізнэсу.
Яе асноўная задача — прайсьці на выбары ў Дзярждуму, сам Раман Пуцін таксама мае намер у іх удзельнічаць. Пра гэта паведамляе «Коммерсант».
Раман Пуцін называе будучую партыю «правакансэрватыўным праектам», у задачы якога ўваходзіць абарона інтарэсаў прадпрымальнікаў.
Да канца вясны плянуецца правесьці ўстаноўчы зьезд. Раман Пуцін адзначыў, што фінансаваньнем партыі будзе займацца сам.
Раман Пуцін — сын стрыечнага брата прэзыдэнта Ігара Пуціна, які ўваходзіў у рады дырэктараў «АвтоВАЗбанка», «Мастер-банка», «Промышленного сберегательного банка» і «Русского земельного банка». Ва ўсіх гэтых банкаў былі адкліканыя ліцэнзіі.