У Расеі выпрабоўваюць вакцыну ад каранавірусу, чакаюць яе запуску ў канцы году

Вакцына, ілюстрацыйнае фота

Расея распрацоўвае прататыпы вакцынаў для прафіляктыкі эпідэміі COVID-19, гаворыцца на сайце «Роспотребнадзора».

Сьцьвярджаецца, што дасьледчыкам удалося стварыць вакцыны як на аснове вірусных вэктараў грыпу, адру і стаматыту, так і на аснове сынтэтычных тэхналёгій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: Сусьветная арганізацыя здароўя дае парады і разбурае міты

Як адзначаецца ў паведамленьні, пры распрацоўцы новых вакцынаў абавязкова трэба правесьці папярэднія выпрабаваньні на адчувальных лябараторных жывёлах — мышах, пацуках, тхарах і ніжэйшых прыматах. Неабходна вызначыць найбольш эфэктыўную дозу і разавасьць увядзеньня вакцыны, спосаб і схэму вакцынацыі.

Практычныя дасьледаваньні пачаліся 16 сакавіка. У іх рамках навукоўцы пакінуць найбольш пэрспэктыўныя і бясьпечныя прататыпы. У прыватнасьці, трэба будзе вызначыць склад, дозу, спосаб увядзеньня вакцыны. Паводле аптымістычных плянаў, запуск прэпарату магчымы ў чацьвёртым квартале 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як сьвет шукае лек ад новага каранавірусу

Паратунак ад небясьпечнай хваробы шукаюць і ў іншых краінах сьвету — Кітаі, Ганконгу, Японіі, ЗША, Аўстраліі.