Ужо сёньня: стварылі Слуцкую канфэдэрацыю

Падзеі 20 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

20 сакавіка 1767 году для ўраўнаньня правоў каталікоў і некаталікоў з ініцыятывы расейскага ўраду была створана Слуцкая канфэдэрацыя. Вынікам канфэдэрацыі было ўраўнаньне ў Рэчы Паспалітай правоў праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі.

Таксама ў гэты дзень

1815 — Напалеон увайшоў у Парыж пасьля высылкі на выспу Эльба. Гэта падзея ўвайшла ў францускую гісторыю як пачатак «ста дзён» Напалеона.

1933 — у Дахаў пачаў функцыянаваць першы ў нацысцкай Нямеччыне канцэнтрацыйны лягер.

1988 — у Менску на месцы Менскага замчышча адбыўся мітынг у абарону гістарычнага Верхняга гораду і супраць будаўніцтва станцыі мэтро «Няміга».

2003 — пачатак вайсковай апэрацыі ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Польшчы ў Іраку.

У гэты дзень нарадзіліся

1828 — Генрык Ібсэн, нарвэскі драматург.

У памяці

1922 — ад сухотаў памёр Аляксандар Бурбіс, беларускі грамадзка-палітычны і культурны дзяяч.

1976 — памёр Уладзімер Дубоўка, беларускі літаратар і перакладчык.

Уладзімер Дубоўка. Фота з фондаў БДАМЛМ