Чаму так моцна ўпаў беларускі экспарт нафтапрадуктаў? Чаму Беларусь купляе больш дарагую нерасейскую нафту? У чым сутнасьць перамоўнай тактыкі Менску ў нафтавым канфлікце?
На гэтыя пытаньні адказвае экспэртка ў энэргетычных праблемах Тацяна Манёнак.
Сьцісла:
- Для нас прэміяльны рынак — украінскі, пастаўкі бэнзіну ва Ўкраіну ў студзені 2020 году нават вырасьлі на 37 %
- У нас летась на 12 % павялічыўся ўнутраны рынак нафтапрадуктаў
- РБК паведамляе, што нібыта нейкі прамежкавы, кампрамісны варыянт з Расеяй знойдзены
- У першым квартале была прадугледжаная падтрымка зь бюджэту нафтаперапрацоўчых заводаў
- Для расейскіх кампаніяў, якіх ціснуць саўдыты, падвышаецца зацікаўленасьць у беларускім рынку, які гарантаваны
- Мне дзіўна, што расейцы пакуль не ідуць на саступкі Беларусі. У іх нафта назапашваецца ў сховішчах, яна наагул нікуды не ідзе
— Паводле дадзеных Белстату, у студзені 2020 году экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ў параўнаньні са студзенем 2019-га зьнізіўся на 70 %. Некаторыя экспэрты казалі, што ён зьнізіцца на 40 %, афіцыйна паведамлялася, што НПЗ загружаныя напалову. Чаму экспарт нафтапрадуктаў упаў яшчэ ніжэй?
— Ну ўсё ж зразумела. З 1 студзеня пастаўкі былі прыпыненыя. Пастаўлялі нафту толькі кампаніі Гуцэрыева. З 20 студзеня экспарт нафтапрадуктаў аднавіўся. Добра, што і столькі атрымалася паставіць на экспарт нафтапрадуктаў. Справа ў тым, што НПЗ маюць пэўныя запасы і нафты і нафтапрадуктаў. Для Беларусі прэміяльны рынак — гэта ўкраінскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі абваліўся ў студзені амаль на 70%— А ён, дарэчы, і прасеў у найменшай ступені. Сёлетнія пастаўкі ва Ўкраіну нафтапрадуктаў склалі ад леташніх 88 %. А ў Польшчу і Вялікабрытанію яны зьнізіліся ў 5 разоў.
— Так. А пастаўкі бэнзіну ва Ўкраіну ў студзені 2020 году нават вырасьлі на 37 %. Але калі няма нафты, то адкуль возьмецца экспарт нафтапрадуктаў? Прыярытэтны рынак — гэта айчынны, беларускі рынак. І Беларусь імкнулася забясьпечыць найперш менавіта гэты, свой рынак.
— Цяпер Беларусь купляе нафту з Азэрбайджану, нібыта ідуць перамовы з Саудаўскай Арабіяй...
— З Саудаўскай Арабіяй пакуль ідуць перамовы. Паведамлялася, што яны гатовыя паставіць 6 мільёнаў тонаў.
— 6 мільёнаў тонаў — гэта прыкладна ўнутраныя патрэбы Беларусі. Для сябе можна купіць па любой цане: машыны трэба запраўляць, трактары трэба запраўляць. Але для таго, каб экспарт нафтапрадуктаў быў рэнтабэльны, патрэбная вельмі танная нафта.
— У нас летась на 12 % павялічыўся ўнутраны рынак нафтапрадуктаў. Унутраны попыт на іх рос, нягледзячы на цёплую зіму. Быў час, калі ўнутраны рынак быў больш прывабны, чым экспартны. Пастаўкі на ўнутраны рынак і цяпер даволі прывабныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея прадугледзела магчымасьць пастаўкі ў Беларусь у II квартале амаль 6 мільёнаў тон нафты— Пры куплі нафты ў Азэрбайджану і Савудаўскай Арабіі, экспарт нафтапрадуктаў, вырабленых з гэтай нафты, пакрые выдаткі?
— Я шмат разоў казала, што альтэрнатыўная нафта больш дарагая, чым расейская. Падвышае цану дастаўка, лягістыка. Але мне ў «Белнафтахіме» кажуць: цана нафты не прыярытэт, галоўнае — забясьпечыць альтэрнатыву. Паралельна з пошукам альтэрнатывы ўвесь час вядуцца перамовы і з расейскімі кампаніямі. Мяркуецца, што гэта падштурхне расейскіх партнэраў да саступак.
Вы ж ведаеце, што Румас езьдзіў на перамовы зь Мішусьціным і перадаў новы пакет беларускіх прапановаў. РБК паведамляе, што нібыта нейкі прамежкавы, кампрамісны варыянт з Расеяй знойдзены. Мне казалі адмыслоўцы, што мы ідзем да сусьветных цэнаў на нафту, таму альтэрнатыву трэба шукаць цяпер, а ня потым. У першым квартале была прадугледжаная падтрымка зь бюджэту нафтаперапрацоўчых заводаў. Галоўнае было — паказаць, што Беларусь можа знайсьці альтэрнатыўную нафту і можа загрузіць свае НПЗ.
Мне неафіцыйна казалі, што першая партыя нафты, якая прыйшла з Нарвэгіі, была даражэйшая за расейскую на 140 даляраў за тону. Але якасьць нарвэскай нафты лепшая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі дамаўляюцца аб цэнах на нафту— Я правільна зразумеў ваша тлумачэньне тактыкі Менску: паказаць расейцам, што Беларусь здольная забясьпечыць прынамсі ўнутраныя патрэбы і загрузіць свае НПЗ, і гэта прымусіць расейцаў саступіць?
— Цяпер многія краіны адмаўляюцца ад расейскай нафты, бо Саудаўская Арабія прапануе больш танную. Для расейскіх кампаніяў, якіх ціснуць саўдыты, падвышаецца зацікаўленасьць у беларускім рынку, які гарантаваны. Мне дзіўна, што яны пакуль не ідуць на саступкі Беларусі. У іх нафта назапашваецца ў сховішчах, яна наагул нікуды не ідзе, яны за яе не атрымліваюць нічога. А Беларусь гатовая перапрацаваць 24 мільёны тонаў. Ну а калі яны не пагаджаюцца — Румас сказаў, што штомесяц будзе па танкеры альтэрнатыўнай нафты на кожны зь беларускіх НПЗ.