«Адказнасьць саміх грамадзянаў». Стала вядома, якіх турыстаў вернуць у Беларусь бясплатна, а якіх — не

Ілюстрацыйнае фота

Каля 100 беларускіх грамадзянаў даставяць сёньня, 19 сакавіка, чартэрным рэйсам «Белавія» з маскоўскага аэрапорту Ўнукава, які турысты ня могуць пакінуць праз абмежаваньні для іншаземцаў, паведамілі на прэс-брыфінгу ў Міністэрстве спорту і турызму.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Гэты пералёт будзе бясплатным, удакладніў міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка.

«Яны маюць абавязаньні з турыстычнымі фірмамі, яны заплацілі за гэты пералёт. Зразумела, што яны квіткі не набываюць у такой сытуацыі», — сказаў ён журналістам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грамадзян Беларусі не саджаць». Беларускія турысты ня могуць вярнуцца дадому праз Маскву

Таксама чартэрнымі рэйсамі будуць вяртаць беларускіх турыстаў з Эгіпту. Міністэрства замежных справаў Беларусі папярэдне ацаніла, што на эгіпецкіх курортах цяпер знаходзяцца каля 6 тысяч беларусаў. Вярнуць усіх іх у Беларусь плянуюць да 27 сакавіка.

Да 10% усіх беларускаў за мяжой могуць быць у самастойных вандроўках, не арганізаваных праз турыстычныя фірмы. Яны мусяць вяртацца сваім коштам, нягледзячы на абставіны, у якіх апынуліся.

«Турысты, якія выяжджалі самастойна, пакуль самастойна (вяртаюцца. — РС)», — сказаў міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінспорту: 8 тысячам беларускіх турыстаў патрабуецца дапамога ў вяртаньні на радзіму

Усім турыстам, незалежна ад таго, якім чынам яны апынуліся за мяжой, надаюць дапамогу дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі. Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Дапкюнас сказаў, што дыпляматы дапамагаюць «скантактавацца, скаардынавацца, знайсьці інфармацыю». Але бясплатныя пералёты для самастойных турыстаў не прадугледжаныя.

«Зразумела, дзяржава адказвае за сваіх грамадзянаў, — сказаў Андрэй Дапкюнас. — Але пакуль, калі сытуацыя не прадугледжвае рызыкі для жыцьця, у першую чаргу гэта адказнасьць грамадзянаў — несьці фінансавую адказнасьць за гэтую сытуацыю».

Усе падрабязнасьці пра вяртаньне беларускіх турыстаў на радзіму вы можаце пачуць у жывой трансьляцыі Свабоды з прэс-брыфінгу:

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ