Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека.
Сёньня прапануем вашай увазе адказы галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько.
Сьцісла:
- Лукашэнка — закладнік уласнай неінфармаванасьці і ўласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца»
- Калі адказ на пандэміі на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены
- У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі
- Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Галоўнае цяпер — выйграць час
- Мы назіраем цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі
- У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні
— Бі-Бі-Сі паведаміла пра жахлівую дылему, перад якой паўсталі дактары ў Італіі. Тамтэйшая мэдыцына не спраўляецца з патокам хворых. І дактары кажуць, што давядзецца рабіць суровы выбар — вырашаць, каго лячыць. Пры тым, што лячэньне па сутнасьці паліятыўнае, вылечыць ад каранавірусу сучасная мэдыцына ня можа нікога. Адзін з варыянтаў — не лячыць старых хворых, сярод іх і так высокая сьмяротнасьць ад пандэміі. Маўляў, лепш дапамагаць тым, хто маладзейшы, хто мае шанцы на выжываньне. Нечалавечае рашэньне. Але іншае — лячыць тых, хто трапіў у шпіталь першым. Яно прынамсі нерацыянальнае. У выніку памрэ больш людзей. Таксама нечалавечае. Ці Яго Вялікасьць рынак мусіць вызначаць — хто здольны больш заплаціць, таго і лячыць. Што выбраць? Што азначае гуманнасьць у гэтай сытуацыі?
— Я ня маю адказу на гэтае пытаньне. Вырашаць тут павінны спэцыялісты па мэдычнай этыцы.
— Беларускія ўлады многія ганяць за тое, што яны не ўжываюць рашучых, радыкальных, дыктатарскіх захадаў супраць пандэміі. Многія папракаюць Лукашэнку — маўляў, дзейнічае, як савецкія ўлады пасьля Чарнобылю, абы не было панікі, ня трэба драматызаваць. Але зь іншага боку, ён цяпер адстойвае прынцыпы, якія адстойваў заўсёды цывілізаваны сьвет — адкрытасьць, у тым ліку і адкрытасьць межаў, адсутнасьць жорсткай рэглямэнтацыі жыцьця. У гэтым няма пэўнага парадоксу? Можа ён і мае рацыю?
— У Менску ходзяць размовы, што міністар аховы здароўя выступае за больш рашучыя абмежаваньні, каб спыніць пандэмію. А Аляксандар Лукашэнка яго стрымаў. Думаю, дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі маюць як рацыянальную, так і ірацыянальную аснову.
Лукашэнка зацыклены на эканамічнай эфэктыўнасьці (як ён яе разумее) і на армейскай дысцыпліне, лічыць апошнюю асновай пасьпяховага функцыянаваньня грамадзтва. Яму цяжка прыняць пэрспэктыву абмежаваньня вытворчасьці, спыненьня навучальнага працэсу дзеля супрацьстаяньня пандэміі, якая Беларусь зачапіла толькі нязначна. Гэта тыповы прыклад абмежаванага эканамічнага мысьленьня, калі пагоня за сёньняшнім прыбыткам прыносіць несувымерныя страты ў будучыні. На гэтым пагарэў і СССР — ад Чарнобылю да неэфэктыўных інвэстыцый у аграрны сэктар.
З другога боку, ён — закладнік уласнай неінфармаванасьці. Ён ад пачатку трымаўся пашыранага ў пэўных колах меркаваньня, што каранавірус — гэта нешта кшталту звычайнага сэзоннага грыпу, а паніку вакол яго разьдзімаюць фармацэўтычныя кампаніі (для прыбытку) і СМІ (у сілу самаразьдзіманьня). Але сытуацыя ў краінах Эўразьвязу паказала, што гэта ня так, што Ўсясьветная арганізацыя здароўя не падманвала, што пагроза рэальная,
Лукашэнку, аднак, стала цяжка прызнаць сваё поўнае ранейшае неразуменьне сытуацыі. Ён стаў закладнікам уласнаручна створанага сабе іміджу «мудрага кіраўніка, які ніколі не памыляецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марціновіч: Беларусы нават ад вірусу сыходзяць у партызаны— Ці ня кідае каранавірус сьвет у новы таталітарызм? Прычым кідае ў яго не іншаземны захопнік — самі грамадзтвы, самі ўлады, у тым ліку і самых дэмакратычных краінаў усталёўваюць такія абмежаваньні свабоды, якія ўласьцівыя хіба Паўночнай Карэі. Дзяржава — закрый, дзяржава — абмяжуй, дзяржава — забарані — сёньня гэта ня мара купкі экстрэмістаў, а запыт грамадзтва. Калі некалі пандэмія скончыцца, ці не застануцца ўсе гэтыя абмежаваньні?
— Не, каранавірус не стварае пагрозы новага таталітарызму ў краінах свабоднага сьвету. Пандэмія скончыцца, абмежаваньні адменяць, бо на іх няма попыту ў грамадзтве. Пагроза таталітарызму ідзе зь іншага боку. Калі адказ на пандэмію на Захадзе будзе неэфэктыўны, а ў Кітаі — эфэктыўны, то Кітай зь яе выйдзе ўзмоцнены, а Захад — аслаблены. Гегемонія таталітарнага Кітаю — вось галоўная пагроза свабодзе. Ня трэба баяцца жорсткіх часовых абмежаваньняў. Мы — на вайне, хоць вораг нябачны.
— Цяпер па ўсім сьвеце закрываюць межы. Закрываюць іх нават унутры Эўразьвязу, дзе яшчэ нядаўна іх не было. А аказваецца ёсьць, аказваецца, тут ёсьць свае, якіх трэба ратаваць, і суседзі, чужыя. Нацыянальнае і ў гэтым перамагае, пераважае?
— Аказваецца, дзяржавы ўсё яшчэ існуюць! Але гэта не пярэчыць выгаднасьці раўнапраўнай эўраінтэграцыі. Мы ўжо бачым, як аб’яднаньне сродкаў краін Эўропы палягчае пераадоленьне наступстваў панікі ў эканоміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарняўская: Галоўнае пачнецца, калі каранавірус будзе пераможаны— Сучасныя сэкулярызаваныя людзі, і ня толькі ў Беларусі, абвінавачваюць, лаюць уладу за тое, што яна, на іх погляд, нешта ня так робіць падчас пандэміі. Але ці вінаватая яна? А можна тут нешта кардынальнае, істотнае зрабіць у прынцыпе? Вакцыны, леку ад каранавірусу няма. Вось Ангела Мэркель — лідэр свабоднага сьвету — кажа: у Нямеччыне захварэе 60-70 %. Можа тут дарэчна адно маліцца, а не абвінавачваць таго, хто такі ж бездапаможны, як і просты люд?
— У сытуацыі крызісу людзі ва ўсіх краінах яднаюцца вакол улады — калі бачаць яе эфэктыўнасьць, нават адкідаюць ранейшыя ідэалягічныя рахункі. Разам з тым любы крызіс падсьвечвае бяздарнасьць бяздарных кіраўнікоў.
— Цікавая інфармацыя — «Ісламская дзяржава» абвясьціла, што прыпыняе тэрарыстычныя напады. Можа, выклік каранавірусу жахлівай цаною зробіць усё ж сьвет больш чалавечным, спыніць войны, нагадае людзям, што ў іх адзін лёс на нашым шарыку?
— Калі і нагадае, то ненадоўга. Людзі схільныя хутка забываць — і добрае, і кепскае.
— Некаторыя мяркуюць, што пандэмія праз пару месяцаў пойдзе на спад, што хутка знойдуць вакцыну. А калі не? Ці чакаюць нас войны ўсіх супраць усіх за мэдычную дапамогу, за апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, за маску, за рулон туалетнай паперы?
— Пандэмія ня будзе доўжыцца так доўга. Галоўнае — ператрываць некалькі самых складаных месяцаў. Далей прыйдуць вакцыны і лекавыя сродкі, гэта пытаньне не гадоў, а месяцаў. Гэта гонка на апераджэньне. Галоўнае цяпер — выйграць час. Але выбухі псыхозу, крызісы могуць здарацца — чалавецтву будзе цяжка захоўваць рацыянальнасьць, калі дзясяткі тысяч людзей будуць паміраць штодзень. А такі сцэнар ня выключаны, і гэта можа здарыцца ўжо праз месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рудкоўскі: Каранавірус прымусіў усьвядоміць, наколькі небясьпечна ігнараваць аб’ектыўны стан рэчаў— Якая роля СМІ і сацыяльных сетак у цяперашнім крызісе каранавірусу? Праўда ратуе людзей або ўмацоўвае, разьдзімае паніку? А эсхаталягічныя фэйкі — ці ня тоне ў іх праўда?
— Якасныя СМІ ў разьвітых краінах, у тым ліку незалежныя СМІ ў Беларусі, выдатна працуюць у гэтай цяжкай сытуацыі. Дзякуючы ім грамадзтвы маюць поўную карціну таго, што адбываецца. Разам з тым мы назіраем і цынічныя паводзіны прапагандысцкага апарату аўтарытарных рэжымаў, якія спрабуюць маніпуляваць людзьмі і ў гэтай драматычнай сытуацыі.
— Які антрапалягічны досьвед вялікіх беларускіх катастрофаў ХХ стагодзьдзя — Другой усясьветнай і Чарнобылю — можа быць скарыстаны, будзе скарыстаны, якім ужо карыстаюцца беларусы ў крызісе каранавірусу? Тады выжывалі так — і цяпер будуць выжываць гэтак сама? А як?
— У любых крытычных сытуацыях патрэбныя жорсткая дысцыпліна і самаабмежаваньні. Яны ратуюць тваю супольнасьць і павялічваюць шанцы на выжываньне цябе і тваіх блізкіх. А з другога боку, патрэбны здаровы скептыцызм адносна таго, што дэкляруюць улады.
Насуперак таму, што апісваецца ў мастацкіх творах, у рэальным жыцьці нават у час вайны ці пандэміі табе рэдка даводзіцца сутыкнуцца з памежнымі сытуацыямі. Ты маеш мала шанцаў апынуцца ў сытуацыі Рыбака і Сотнікава. Табе проста трэба працягваць рабіць сваю справу. Выжывай, як заўсёды выжываў селянін. Пандэмія пандэміяй, а бульбу садзі. І дзейнічай розумам, а не эмоцыямі. Не будзь вінцікам, чытай якасныя сродкі масавай інфармацыі і кіруйся парадамі навукоўцаў. І не пракрастынуй. Калі бачыш, што табе варта ізаляваць старую маму, зрабі гэта сёньня, а не заўтра.