Адзін зь беларускіх банкаў абмежаваў сумы грошай, якія цягам 24 гадзін можна зьняць у банкамаце і пры разьліках.
Ад 19 сакавіка ВТБ-банк уводзіць абмежаваньні на валютна-абменныя апэрацыі ў сваіх сэрвісах, паведамілі на карпаратыўным сайце.
У прыватнасьці, вызначаны дзённы ліміт у эквіваленце 100 эўра, які дзейнічае ў двух выпадках:
- на расходныя апэрацыі ў замежнай валюце па картках, эмітаваных банкам у беларускіх рублях;
- на прыходныя апэрацыі ў беларускіх рублях па картках, эмітаваных банкам у замежнай валюце.
Абноўлена: Па стане на 13.15 19 сакавіка старонку сайту ВТБ-банку з інфармацыяй аб увядзеньні абмежаваньняў выдалілі.
На пытаньне Свабоды, ці не зьўяляецца гэта пачаткам валютнага ажыятажу, прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Аляксандар Цішчанка адказаў, што БТБ-банк, як і іншыя банкі, мае права прымаць такія рашэньні ў аднаасобным парадку.
Як паведамляюць чытачы Свабоды, у «Белаграпрамбанку» афіцыйнага абмежаваньня на зьняцьце валюты няма, але пры спробе зьняць валюту з рахунка ў банку адмаўляюць, кажуць, што валюты няма і трэба загадзя, за 5 дзён, замаўляць апэрацыю зьняцьця валюты.
У адным з аддзяленьняў «Альфа-Банку» чытачу Свабоды сказалі, што «даляраў няма (эўра і расейскія рублі ёсьць) і адзіная магчымасьць набыць даляры — гэта адкрыць валютны рахунак у іх банку, пакласьці туды грошы і тады на працягу 10 дзён іх змогуць выдаць».