Транспартны каляпс і зачыненыя крамы. Рэпартаж з карантыннага Кіева

Транспартны каляпс і зачыненыя крамы. Рэпартаж з карантыннага Кіева

Транспартны каляпс і зачыненыя крамы. Рэпартаж з карантыннага Кіева

Як прайшоў першы дзень жорсткага пандэмічнага карантыну ў 3-мільённым Кіеве, паведамляе карэспандэнтка Свабоды.

Мэтро закрылі

У Кіеве з 18 сакавіка не працуе галоўны від транспарту — мэтро. Да таго ж гарадзкія ўлады забаранілі грамадзянам карыстацца наземным транспартам бяз масак. Раніцай у горадзе быў транспартны каляпс — на прыпынках утвараліся доўгія чэргі пасажыраў, а кіроўцы не маглі выканаць норму перавозу ў аўтобусе, тралейбусе ці маршрутцы толькі 10 асобаў, як загадалі ўлады.

Урадавы квартал, у якім амаль штодня праходзілі акцыі, у зацішшы

Урадавы квартал, у якім амаль штодня праходзілі акцыі, у зацішшы

«У тэлевізары ўлады абвясьцілі ўмовы і сказалі, што кіроўцы мусяць кантраляваць колькасьць пасажыраў. А як гэта зрабіць? Раніцай на прыпынках была велізарная колькасьць людзей. Усім трэба дабрацца на працу. А як гэта зрабіць? Улады абяцалі, што будзе дапамагаць Нацыянальная гвардыя. Але дагэтуль я нідзе нікога ня бачыў», — сказаў Свабодзе кіроўца гарадзкога аўтобуса.

Кіроўца кажа, што мяняе маску кожныя дзьве гадзіны

Кіроўца кажа, што мяняе маску кожныя дзьве гадзіны

Ён кажа, што кіраўніцтва забясьпечыла супрацоўнікаў маскамі.

«Але сярод пасажыраў у масках адзінкі. Як можна захаваць бясьпечную дыстанцыю пры такой колькасьці людзей?» — дадае кіроўца.

З найбольшымі траспартнымі праблемамі сутыкнуліся жыхары прылеглых да Кіева паселішчаў, бо ў сфэры абслугоўваньня — у крамах і на запраўках — працуюць збольшага яны. У лякарнях сярэдні мэдычны пэрсанал таксама пераважна прыежджы.

Калі няма як трапіць у гарадзкі пасажырскі транспарт, людзі часьцей пачынаюць карыстацца таксоўкамі. Каля зачыненых станцыяў мэтро чакаюць па некалькі машын таксі.

Асабістага транспарту на вуліцах Кіева пабольшала. І затораў таксама

«Сёньня езьдзіла ў цэнтар на таксі. Мяне ўразіла, што на вуліцах значна менш людзей, многія ў масках, і ўсё выглядае крыху трывожна. З падазрэньнем людзі ставяцца нават да чалавека, які неасьцярожна кашлянуў пасьля выкуранай цыгарэты. Але аўтамабільных „цягнучак“ у горадзе менш ня стала», — падзялілася ўражаньнямі са Свабодай кіяўлянка Антаніна.

Рэстараны і гандлёвыя цэнтры закрытыя

Яшчэ ўчора шматлюдныя мясціны Кіева апусьцелі. Закрытыя кавярні, рэстараны і гандлёвыя цэнтры. Каля аднаго з найбольшых транспартных вузлоў Кіева — станцыі мэтро «Почайна», празь якую штодня перамяшчаліся да паўмільёна пасажыраў, выкарыстоўваючы зручную перасадку з прыгарадных электрычак, — амаль пуста.

У гэтым раёне сканцэнтравана шмат гандлёвых цэнтраў. У іх цяпер працуюць толькі прадуктовыя супэрмаркеты. Паркоўкі, дзе два дні таму цяжка было знайсьці вольнае месца, таксама пустыя.

Бізнэс вымушана спыніўся. Але можна запаркавацца

Але і ў прадуктовых крамах натоўпу няма. Адпаведна няма ажыятажу або дэфіцыту прадуктаў. Два дні таму найбольш запатрабаванымі таварамі была мука, макарона і туалетная папера. Наведнікаў таксама вельмі мала.

У прадуктовых крамах — усе ў масках, але наведнікаў няшмат

Грыўня пачала падаць

Закрытыя рэчавыя і кніжныя рынкі. 17 сакавіка Нацыянальны банк Украіны павялічыў інтэрвэнцыю на міжбанкаўскай біржы да 300 мільёнаў даляраў, каб стрымаць курс нацыянальнай валюты. Яшчэ тры дні таму ў абменьніках можна было купіць даляр за 25 грыўняў, а сёньня — ужо па 29.


«Навошта вы фатаграфуеце? Каб потым у сацыяльных сетках паніку ствараць? У нас усё нармальна і ўсё спакойна. Беражонага Бог беражэ», — абурылася ўласьніца аднаго з гандлёвых пунктаў. Яна зьбіраецца прыходзіць штодзень на рынак, каб кантраляваць сытуацыю.

Людзі ў Кіеве не панікуюць, але абураюцца тым, што ўлада ўвяла жорсткія абмежаваньні, не парупіўшыся пра тое, як людзям іх выконваць.

Антысэптык зь беларускай «Зуброўкі»

Галоўны дэфіцыт — індывідуальныя сродкі абароны. Антысэптыкаў і масак у аптэках няма.

У аптэках ёсьць усё, апроч масак і антысэптыкаў

«Мы замаўляем іх штодня, але нам іх не прывозяць», — скардзіцца правізар адной з аптэк. Каб абараніць сябе і сваіх родных, людзі шыюць маскі і робяць антысэптыкі самі. Карыстальнікі сацыяльных сетак дзеляцца досьведам, як сшыць маску, і дапамагаюць блізкім, вымушаным штодзень хадзіць на працу.

А адзін з кіяўлянаў падзяліўся сваім рэцэптам самаробнага антысэптыку:

«Не паверыце, напэўна, — сказаў ён, даведаўшыся, што размаўляе з карэспандэнтам беларускай службы Радыё Свабода. — Антысэптык зрабіў сам. Зь беларускай „Зуброўкі“. Дадаў яшчэ крыху гліцэрыны і пераліў у пульвэрызатар. Цяпер карыстаюся ім па некалькі разоў у дзень — пасьля транспарту ці ўсякага іншага кантакту з „чужымі“ паверхнямі».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі пацярпелых ад каранавірусу ў Беларусі і ў суседзяў. Інфаграфіка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Расеі запраўлялі машыны, куплялі харчы». Што кажуць зь беларускага боку закрытай мяжы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі пацьвердзілі COVID-19 у дэпутата Вярхоўнай рады Ўкраіны