Каранавірус можа жыць да трох сутак на некаторых матэрыялах, у тым ліку на плястыкавых і сталёвых паверхнях.
Гэткую выснову робяць амэрыканскія навукоўцы ў дасьледаваньні, апублікаваным 17 сакавіка ў New England Journal of Medicine.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі пацярпелых ад каранавірусу ў Беларусі і ў суседзяў. ІнфаграфікаЗ дасьледаваньня таксама вынікае, што каранавірус не жыве даўжэй за 24 гадзіны на кардонавай паверхні. Гэты вынік азначае практычна, што рызыка заражэньня спажыўцоў пры дотыку прадуктаў і пасылак у кардонавых упакоўках, якія прыходзяць па пошце, адносна невялікая.
The New York Time зьвяртае ўвагу на той момант дасьледаваньня, у якім гаворыцца, што каранавірус можа пражыць да паўгадзіны ў аэразолі (то бок у кропельках памерам да 5 мікрамэтраў). Гэты вынік, падкрэсьлівае газэта, супярэчыць пазыцыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, паводле якой каранавірус не перадаецца паветрам.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ