Каб стрымаць эпідэмію COVID-19, уладам неабходна ўвесьці жорсткія абмежаваньні на працу, навучаньне і грамадзкія сходы на пэрыяд, пакуль ня будзе вакцыны супраць новага каранавірусу, стварэньне якой можа заняць 18 месяцаў.
Гэткая выснова знаходзіцца ў дакладзе, падрыхтаваным брытанскімі дасьледнікамі і эпідэміёлягамі зь Імпэрскага каледжу ў Лёндане, які быў апублікаваны 16 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эпідэмія каранавірусу ў Брытаніі патрывае год, заразіцца могуць да 80% брытанцаў — сакрэтны дакладАўтары дасьледаваньня лічаць, што цяперашняя палітыка зьмякчэньня наступстваў эпідэміі — ізаляцыя людзей, якія падазраюцца ў заражэньні вірусам, карантын і аддзяленьне найбольш уразьлівых людзей ад іншых — можа зьнізіць попыт на лячэньне ў шпіталях на дзьве траціны і сьмяротны зыход напалову, калі ажыцьцяўляць гэтую палітыку на працягу трох месяцаў.
Але гэта, дадаюць яны, усё адно прывядзе да сотняў тысяч сьмерцяў і перапаўненьня пацыентаў ва ўстановах сыстэмы аховы здароўя. Якраз таму аўтары дакладу рэкамэндуюць захады па адасабленьні ў маштабе ўсяго насельніцтва, у тым ліку закрыцьцё школаў.
Брытанскія навукоўцы падкрэсьліваюць, што прыняцьце жорсткіх і доўгатрывалых захадаў супраць эпідэміі каранавірусу патрабуе вялікіх чалавечых і эканамічных коштаў, але зьяўляецца «адзінай жыцьцяздольнай стратэгіяй у цяперашні час».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн перамог на праймэрыз у трох штатах ЗША. У Агаё — каранавірусКалі ўрад Вялікай Брытаніі ня зробіць такіх захадаў, экспэрты Імпэрскага каледжу асьцерагаюць, што ў краіне ад заражэньня каранавірусам могуць памерці да 510 тысяч чалавек. Паводле іх ацэнак, адсутнасьць падобных жорсткіх абмежаваньняў у ЗША можа прывесьці да 2,2 мільёна сьмерцяў ад эпідэміі каранавірусу.
The New York Times адзначае, што якраз гэты брытанскі даклад паўплываў на нядаўні заклік амэрыканскіх фэдэральных уладаў да суродзічаў пазьбягаць грамадзкіх сходаў большых за 10 чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ