Беларускі і расейскі рублі рэкордна ўпалі на адкрыцьці таргоў у Менску і Маскве

На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 18 сакавіка даляр ЗША вырас адразу на 6 капеек — да 2,4280 рубля. Гэта абсалютны гістарычны максымум.

Аналягічную тэндэнцыю дэманструе эўра — рост на 4 капейкі да адзнакі 2,6759.

Расейскі рубель у Менску на пачатку таргоў ўпаў на 2 капейкі — 3.1645 за 100 адзінак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На сусьветным фондавым рынку адбыўся найбольшы абвал у гісторыі

На Маскоўскай біржы расейская валюта абвалілася да максымуму за апошнія чатыры гады: курс даляра ўшчыльную наблізіўся да 80 рублёў. Эўра зафіксаваўся на ўзроўні 85 рублёў.

У валютным кошыку Нацыянальнага банку Беларусі расейскі рубель складае 50%.