Былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн усё бліжэй падыходзіць да таго, каб гарантаваць сваё вылучэньне афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Джо Байдэн зь лёгкасьцю атрымаў перамогу ў Флорыдзе, Ілінойсе і Арызоне, што дазваляе яму ўзмацняць ціск на іншага кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ЗША Бэрні Сандэрса, з тым каб той спыніў сваю кампанію.
У Флорыдзе Байдэн атрымаў каля 63% галасоў у параўнаньні з 23% у Сандэрса, у Арызоне Байдэна падтрымалі больш за 42% выбарнікаў, Сандэрса — 29%, у Ілінойсе лік быў 59:36 на карысьць Байдэна.
У штаце Агаё органы аховы здароўя 17 сакавіка з прычыны распаўсюду каранавірусу пайшлі на беспрэцэдэнтны крок і закрылі ўчасткі за некалькі гадзін да іх адкрыцьця, адклаўшы праймэрыз да чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары прэзыдэнта ў ЗША: Байдэн атрымаў важную перамогу над Сандэрсам у 6 штатахПадобна на тое, што Байдэн даволі блізка падышоў да таго, каб забясьпечыць сабе вылучэньне ад Дэмакратычнай партыі. Яму трэба атрымаць у свой актыў менш за палову пакінутых дэлегатаў партыйнага зьезду, каб стаць афіцыйным кандыдатам.
Байдэн ня толькі захаваў сваю папулярнасьць сярод афраамэрыканцаў і пажылых выбарнікаў, якая была адметнай рысай ягонай кампаніі, але і скараціў адставаньне ад Сандэрса сярод гішпанамоўных выбарнікаў, якія раней дапамаглі сэнатару ад Вэрмонту перамагчы ў Нэвадзе і Каліфорніі.
Некаторыя дэмакраты цяпер заклікаюць Сандэрса выйсьці з гонкі дзеля адзінства партыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супэраўторак» у ЗША: памяркоўныя дэмакраты аб’ядноўваюцца вакол Байдэна77-гадовы Джо Байдэн, які ўсё жыцьцё займаўся палітыкай, прадстаўляе прагматычны падыход да кіраваньня, у якім робіцца ўпор на сумесную працу дзьвюх партый і памяркоўныя перамены.
78-гадовы Бэрні Сандэрс — дэмакратычны сацыяліст, які на працягу дзесяцігодзьдзяў выступаў за агрэсіўныя лібэральныя зрухі, накіраваныя на трансфармацыю палітычнай і эканамічнай сыстэмаў краіны.