Аляксандар Лукашэнка 16 сакавіка выказаўся, што трактар і гарэлка ратуюць ад каранавірусу. Свабода запытала ў трактарыстаў, чым яны ратуюцца ад сусьветнай заразы.
Уладзімер Іванавіч пэнсіянэр. Больш за 30 гадоў адпрацаваў у гаспадарцы ў Добрускім раёне на трактары. Цяпер зноў папрасілі на працу — падвозіць авёс на поле для сяўбы.
«Нам каранавірус да лямпачкі. Мы нават не абмяркоўваем гэтай тэмы. Ці дапаможа ад яго трактар, я ня ведаю. У нас прафэсійныя захворваньні — праз аднаго хворыя сьпіны, ногі, суставы. Ды адкуль у нас той каранавірус будзе? Я за мяжой ня быў ніводнага разу, ды і ў беларускіх санаторыях ня быў. Дадуць у калгасе адпачынак і празь некалькі дзён назад завуць — няма каму працаваць. Моладзі ж няма», — кажа Уладзімір Іванавіч.
Ягоны калега Максім ня чуў, што трактар дапамагае ад каранавірусу.
«Не чытаў такога, ня бачыў па тэлевізары. Працуем да цямна — няма калі чытаць, глядзець. Ніяк мы не ратуемся, ніяк мы не абараняемся, працуем ды і ўсё», — кажа Максім.
Наконт гарэлкі ад каранавірусу ён ня мае думкі, бо ня п’е.
Міхаіл адпрацаваў на трактары 30 гадоў і ня верыць, што транспартны сродак ці праца на ім дапаможа ад вірусаў.
«Я так разумею, гэтая зараза ўсюды пралезе. У мяне рукі ўвесь час у мазуце, мо мазут дапаможа ўратавацца. У прынцыпе, усё роўна, ад чаго памерці — ці ад каранавірусу, ці ад цяжкай працы. Калі працаваць 20 гадзін на дзень, дык памрэш і без каранавірусу», — разважае Міхаіл.
Віктар працуе на трактары ад 1980 году, пачаў пасьля войска.
«Выходзіць, дапамагае трактар ад каранавірусу, калі прэзыдэнт так сказаў. Я сам як ратуюся? Рукі мыю пасьля працы. Па сьвятах магу выпіць, калі прэзыдэнт кажа, што гарэлка дапаможа. У прынцыпе, я адзін у кабіне трактара, дык мне і ня страшна. Трэба працаваць, ды і ўсё», — лічыць Віктар.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ