«Бо ён ня толькі для Беларусі». «Беларусьфільм» паказаў зьнятую па-расейску стужку паводле раману Людмілы Рублеўскай

Падчас прэм'еры фільму «Авантуры Пранціша Вырвіча»

«Авантуры Пранціша Вырвіча» паводле першага раману зь
пяцікніжжа Людмілы Рублеўскай паказалі ў Менску. Гледачы
скардзіліся на незразумелы сюжэт, а рэжысэр тлумачыў, што
разьлічвае «прадаць» фільм у Расею.

«Вы разумееце, што ёсьць жа палітыка такая»

«Вельмі спадзяюся, што ў гэтым фільме гледачы ўбачаць тую Беларусь шляхоцкую, пра якую я пісала. Калі глядач ведае, што гэта Беларусь, што гэта беларускае, мне здаецца, ідзе той пасыл, які я ўкладала, — Беларусь краіна рыцараў і дамаў; Беларусь, дзе ёсць шляхта і філёзафы, дзе ёсьць замкі і цудоўныя храмы», — сказала на прэзэнтацыі фільму аўтарка раману Людміла Рублеўская.

Пісьменьніца Людміла Рублеўская

Падзеі фільму разгортваюцца ў XVIII стагодзьдзі. Маладога шляхціча са зьбяднелага роду Пранціша Вырвіча грае актор Георгі Пятрэнка. Паводле сюжэту Пранціш зьбягае зь менскага езуіцкага калегіюму. Па дарозе ён выпадкова набывае за адзін шэлег доктара-альхіміка Бутрамея Лёдніка (актор Іван Трус).

Гэтая сустрэча вызначае лёсы абодвух герояў. Разам яны выкрадаюць з замка каханую Лёдніка Саламею Рэніч і трапляюць у вір інтрыгаў вакол уплывовых дзеячоў Рэчы Паспалітай.

Поўныя авантураў ня толькі твор і сцэнар, але і праца над фільмам. Амаль у кожным кадры можна пазнаць гістарычныя мясьціны: Мірскі, Нясьвіскі, Лідзкі замкі. Прычым пазнаць у сучасным абліччы, пасьля рэканструкцыі.

Здымачная група на прэм'еры фільму

«Плітка тратуарная, вокны плястыкавыя, дахі мэталічныя, цэгла новая — усё гэта відаць, — тлумачыць рэжысэр фільму Аляксандар Анісімаў. — Дзякуй Богу, што ў нас геніяльны апэратар, які выкарыстаў фільтры. Калі мы ўбачылі, што можна трошкі схаваць, тады вырашылі, што ёсьць сэнс здымаць тут і нікуды не зьяжджаць. Я маю на ўвазе — ва Ўкраіну, дзе гэта лепш захавана, ці ў Польшчу, напрыклад».

XVIII стагодзьдзе — час войнаў і падзелаў, канфліктаў з Расейскай імпэрыяй. Але аўтары фільму схітрыліся пазьбегнуць згадак пра гэта. Пасьля паказу наконт гэтага ўзьніклі пытаньні ў журналістаў.

«Ну а вы ўяўляеце, калі б я дагаварыў? Ну што трэба было дагаварыць? Я думаю, што на Расею гэты фільм не прадаў бы ніхто. Вы разумееце, што ёсьць жа палітыка такая. Карціна зьнятая, на яе выдаткаваныя грошы, трэба паспрабаваць яе нейкім чынам акупіць. Таму нейкія рэчы, вядома, не дагаварылі, але, я думаю, яны і так зразумелыя. Навошта пра іх гаварыць, калі і так зразумела, што было. Была Рэч Паспалітая, было Вялікае Княства Літоўскае, якое ваявала», — апраўдваецца рэжысэр Анісімаў.

Гледачы на прэм'еры

«Фільм павінен быць на расейскай мове»

Фільм зьняты нацыянальнай кінастудыяй паводле беларускамоўнага твору беларускай аўтаркі. Перад паказам аўтараў спыталі, калі зьявіцца абяцаная «беларуская агучка».

«Беларускай вэрсіі быць! Паводле ўмоваў конкурсу (Міністэрства культуры і „Беларусьфільму“. — РС) 2018 году фільм павінен быць на расейскай мове з улікам таго, што мы плянавалі яго паказваць ня толькі ў Беларусі, — пераконвае дырэктар „Беларусьфільму“, галоўны прадусар Уладзімер Карачэўскі. — Гэта (беларускае агучваньне. — РС) была ўласная ініцыятыва кінастудыі. І, у прыватнасьці, мая, калі я пачаў шукаць партнэраў, якія дапамогуць нам зрабіць пераагучваньне на беларускую мову. Таму беларускай вэрсіі — быць».

Галоўны прадусар Уладзімер Карачэўскі

Рэжысэр Анісімаў кажа, што і дыялёгі ў фільме перакладала на расейскую мову ня аўтарка. Пры гэтым ёсьць пляны агучыць фільм па-ангельску, калі ім зацікавяцца партнэры з Эўропы і Амэрыкі. Над фільмам працавалі больш за 100 чалавек, пашылі каля 200 строяў. Здымалі па 12 гадзін на дзень.

Гледачы на прэм'еры фільму

«Мне вельмі спадабалася. Вельмі рэдка ў нас такое здымаецца, і атрымалася даволі выдатна, цікава. І гэта гістарычна, там і экшэн ёсьць. І гэта наш, цалкам беларускі прадукт», — дзеліцца ўражаньнямі выканаўца галоўнай ролі Георгі Пятрэнка.

Выканаўца галоўнай ролі Георгій Пятрэнка

«Экшэну» сапраўды шмат, а вось у сюжэце шмат хто зь першых гледачоў ня змог разабрацца зь першага разу, як было чуваць з рэакцыяў у залі. Але стваральнікі абяцаюць, што ў тэлевізійнай вэрсіі, у якой 4 сэрыі па 46 хвілін, усё будзе раскрыта больш дэталёва. А вэрсію для кінатэатраў, кажуць яны, арыентавалі хутчэй на «падрыхтаванага» гледача, які прачытаў твор і разумее, хто ёсьць хто.

Паказы поўнамэтражнай кінастужкі ў Беларусі пачнуцца 19 сакавіка.

Фільм зьняты паводле раману Людмілы Рублеўскай

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крамлёўская прапаганда рване з жудаснай сілай». Што пра фільм «Купала» сказаў кінакрытык