Вярхоўная Рада Ўкраіны пагадзілася з прапановай прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага прызначыць на пасаду генэральнага пракурора Ірыну Венядзіктаву.
Упершыню за гісторыю незалежнасьці краіны Генэральную пракуратуру ачоліла жанчына.
«Улічваючы сытуацыю ў нашай краіне, неабходнасьць забесьпячэньня высокапрафэсійнай і бесьперабойнай працы ўсіх органаў дзяржаўнай улады, асабліва праваахоўных органаў, я ініцыяваў разгляд пытаньня аб прызначэньні генэральнага пракурора на нечарговым пасяджэньні парлямэнту», — заявіў Уладзімір Зяленскі, прадстаўляючы кандыдатуру Ірыны Венядзіктавай у парлямэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Украіны адправіў у адстаўку генэральнага пракурора. Хто яго заменіць?Ірына Венядзіктава запэўніла, што на пасадзе будзе кіравацца прынцыпам вяршэнства закону. Яна перакананая, што цяпер ва Ўкраіне няма палітычнага перасьледу.
На парлямэнцкіх выбарах 2019 году Ірына Венядзіктава балятавалася пад № 3 партыйнага сьпісу партыі Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу». Але летась у сьнежні здала дэпутацкі мандат у сувязі з прызначэньнем выканаўцай абавязкаў кіраўніка Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў. Там яна прызначыла сваім першым намесьнікам Аляксандра Бабікава, які працаваў адвакатам Віктара Януковіча.
Ірына Венядзіктава — вядомы ўкраінскі юрыст. Да прыходу ў палітыку яна працавала ў Харкаўскім нацыянальным унівэрсытэце. Доктар юрыдычных навук, прафэсар. Ёй 42 гады.