Амэрыканскі фондавы індэкс Dow Jones у падсумаваньні таргоў 16 сакавіка меў у абсалютных лічбах найгоршы вынік за ўсю гісторыю: за адну сэсію таргоў гэты індэкс страціў каля 3000 пунктаў і спыніўся на адзнацы 20 188 пунктаў.
У працэнтах (амаль 13%) гэта другое па велічыні падзеньне пасьля «чорнага панядзелка» 1987 году, калі індэкс страціў больш за 22%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана нафты Brent упала ніжэй за $30 упершыню са студзеня 2016 годуРаней 16 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што з прычыны каранавірусу ў эканоміцы ЗША можа пачацца рэцэсія. Трамп таксама выказаў думку, што ўспышка захворваньня трывацьме да ліпеня ці жніўня альбо «можа быць і даўжэйшая».
Адначасова з спадам на фондавых рынках абваліліся і цэны на нафту. Нафта маркі Brent патаньнела да менш як 30 даляраў за барэль, а гэта найніжэйшы ўзровень за апошнія чатыры гады. Раніцай 17 сакавіка гэты гатунак нафты каштуе менш за 31 даляр за барэль.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ