Нацыянальны чыгуначны перавозьнік «Укрзалізниця» часова скасоўвае рух прыгарадных цягнікоў, якія хадзілі празь дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю.
У прыватнасьці, ад сёньня скасаваныя рэйсы Ковель — Выжва — Ковель і Выжва — Хаціслаў — Выжва, а з 21 сакавіка Гомель — Сноўск — Гомель.
Апроч таго, ад сёньня абмяжоўваюць маршруты цягнікоў Ковель — Хаціслаў — Ковель, Сарны — Гарынь — Здалбунаў, Берасьце — Забалоцьце — Берасьце, Баранавічы — Удрыцк — Баранавічы, а пачынаючы з 21 сакавіка Чарнігаў — Ёлча — Чарнігаў. Гэтыя цягнікі хадзіць у Беларусь ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеіУ гарадах-мільёньніках узмацнілі карантын
Гарадзкія ўлады Кіева, Львова, Адэсы, Івана-Франкоўску, Запарожжа, Палтавы, Мікалаева і Сумаў абвясьцлі аб узмацненьні карантыну. Ва ўсіх гарадах з 17 сакавіка будуць закрытыя ўсе грамадзкія аб’екты, апроч прадуктовых крамаў, заправак, аптэк, банкаў, пошты, вакзалаў і мэдычных установаў.
Улады рыхтуюцца да надзвычайнага становішча?
Вярхоўная Рада Ўкраіны абвясьціла аб правядзеньні а 8-й раніцы 17 сакавіка пазачарговага пасяджэньня, каб ухваліць два законапраекты аб захадах барацьбы з пашырэньнем небясьпечнага вірусу.
Украінскія СМІ паведамляюць, што таксама заўтра Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны на сваім пасяджэньні можа ўхваліць рашэньне аб увядзеньні ў краіне надзвычайнага становішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Мы ня будзем чакаць афіцыйнай сотні ці тысячы хворыхНа сёньня ва Ўкраіне афіцыйна пацьверджана пяць выпадкаў заражэньня небясьпечным каранавірусам. Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны ініцыюе ўвядзеньне больш жорсткіх захадаў, каб прадухіліць эпідэмію, — абмежаваць перасоўваньне людзей па вуліцы і закрыць усе ўстановы грамадзкага харчаваньня.
Міністар аховы здароўя Ільля Емец напярэдадні заявіў:
«Мы ня маем права чакаць масавага заражэньня ўкраінцаў. Мы павінны дзейнічаць неадкладна, на апярэджваньне. Жорстка і без выключэньняў. Неабходна закрыць прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня і гандлёвыя цэнтры, працаваць мусяць толькі аптэкі і прадуктовыя крамы, абмежаваць рух усярэдзіне краіны, увесьці дыстанцыйны рэжым працы, перагледзець рэжым працы грамадзкага транспарту і абмежаваць дазволены збор людзей групамі да 10 чалавек».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ