Амаль 100 чалавек за мінулыя содні сталі ахвярамі каранавіруснай інфэкцыі ў Гішпаніі. Такія апошнія афіцыйныя зьвесткі. Агульная колькасьць памерлых у Гішпаніі набліжаецца да 300, усяго захварэлі больш за 7 тысяч 700 чалавек, за апошнія суткі дадалося каля 2000 інфікаваных. Вірус выяўлены ў жонкі прэм’ера Гішпаніі Пэдра Санчэса і ў двух міністраў.
Гішпанія — другая пасьля Італіі эўрапейская краіна паводле ліку заражаных і памерлых. Ад сёньняшняга дня і захады ў барацьбе з каранавірусам у гэтай краіне падобныя да ўжытых у Італіі — людзі могуць пакідаць дамы толькі ў выпадку неабходнасьці, закрытая большасьць крамаў і грамадзкіх прастораў.
Працягвае расьці колькасьць інфікаваных і ў іншых краінах Эўропы. Усё больш зь іх закрываюць мяжы — поўнасьцю або часткова, уводзяць абмежаваньні на працу крамаў, установаў, школ.
Першы выпадак каранавіруснай інфэкцыі ў нядзелю зафіксаваны ва Ўзбэкістане. У Казахстане, дзе першыя хворыя зьявіліся некалькі дзён таму, улады ўвялі надзвычайнае становішча і закрылі межы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: закрываюць межы, адмяняюць транспартныя зносіны. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 15 сакавікаУ Францыі ад панядзелка таксама будуць зачыненыя грамадзкія прасторы. Аднак улады ўсё ж вырашылі правесьці ў нядзелю першы тур муніцыпальных выбараў. А ў Брытаніі мясцовыя выбары перанесьлі. Як паведамляюць СМІ, улады гэтай краіны плянуюць зьвярнуцца да пажылых людзей, для якіх каранавірус асабліва небясьпечны, з заклікам у найбліжэйшыя месяцы жыць у самаізаляцыі.
Агульная колькасьць выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, якая ўпершыню была зафіксаваная ў Кітаі летась у сьнежні, у сьвеце ўдзень 15 сакавіка перавысіла 165 тысяч. Памерлі больш за 6 тысяч чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ