11 віртуальных экскурсіяў па найлепшых музэях і галерэях сьвету

Ілюстрацыйнае фота

У зьвязку з пандэміяй каранавірусу ўстановы культуры і мастацтва ў многіх краінах закрыліся. Але наведаць іх можна дзякуючы сучасным тэхналёгіям. Свабода ўклала падборку віртуальных экскурсіяў па найлепшых музэях і галерэях сьвету.

Усе экскурсіі бясплатныя.

Люўр, Францыя

Люўр

Плятформа YouVisit прапануе экскурсію па Люўры ў Парыжы. Доступ да яе можна атрымаць праз Інтэрнэт або непасрэдна ў бясплатным дадатку VR да гэтай плятформы. Экскурсія пачынаецца звонку і праходзіць празь дзесяць зонаў музэю. У кожным месцы прапануюцца дадатковыя выявы, відэакліпы, інфармацыя аб экспанатах.

Нацыянальны музэй гісторыі прыроды, ЗША

Сьмітсанаўскі музэй гісторыі прыроды імкнецца зразумець сьвет прыроды і месца чалавека ў ім. Калекцыя музэю складаецца з больш як 145 мільёнаў аб’ектаў. Вось тут можна пабачыць больш за 100 тысяч экспанатаў.

Ватыканскія музэі, Ватыкан

Ватыкан прачыняе заслону таямніц і ўпускае ў свае скарбніцы. Віртуальны тур вядзе вас у Сыкстынскую капэлю, па якой вы зможаце пахадзіць, разгледзеўшы ўсе элемэнты пакояў і фрэсак, а таксама шэраг музэйных заляў.

Брытанскі музэй, Вялікая Брытанія

Поўная калекцыя Брытанскага музэю ахоплівае больш за два мільёны гадоў гісторыі і культуры чалавека.

Анлайн-калекцыя музэю - адна з найбуйнейшых у сьвеце: на яго сайце можна знайсьці некалькі мільёнаў экспанатаў.

Дзякуючы віртуальнай экскурсіі плятформы Google вы можаце пабачыць 4737 артэфактаў.

Музэй Прада, Гішпанія

Адзін з найбуйнейшых і самых наведвальных мастацкіх музэяў сьвету. У яго калекцыі захоўваюцца найбольш поўныя зборы Босха, Вэляскеса, Гоі, Сурбарана і Эль Грэка. Агульная колькасьць экспанатаў складае каля 30 тысяч.

У інтэрнэце апублікаваныя фатаздымкі больш чым 11 тысяч твораў, якія захоўваюцца ў музэі.

Мэтраполітан-музэй, ЗША

Гэты нью-ёрскі музэй прадстаўляе больш за 5000 гадоў мастацтва з усяго сьвету. Пабачыць яго багатыя калекцыі можна дзякуючы плятформе Google.

Але ня толькі.

У The Metropolitan Museum of Art ёсьць адмысловы турыстычны праект пад назвай Met 360⁰. Гэта сэрыя з 360 відэаролікаў унутры музэю. Ролікі разьмешчаныя на YouTube, кожны суправаджаецца кароткім апісаньнем зьместу. Сэрыя дазваляе наведнікам дасьледаваць музэй як ніколі раней дзякуючы ўнікальным ракурсам.

Вывучаць скарбніцы музэю можна не выходзячы з дому. У вольны доступ выклалі тысячы кніг - усяго 50 000 найменьняў, аб’яднаных у асобныя каталёгі.

Музэй Ван Гога, Нідэрлянды

У гэтым музэі ў Амстэрдаме знаходзіцца найбольшая ў сьвеце калекцыя твораў Вінсэнта Ван Гога (1853--1890). Пастаянная калекцыя ўключае больш за 200 карцін мастака, 500 малюнкаў і больш за 750 аркушаў. У музэі таксама выстаўленыя розныя артэфакты з гісторыі мастацтваў XIX стагодзьдзя.

Сайт музэю выклаў у онлайн-доступ 1800 плякатаў, кніг і малюнкаў, якія знаходзяцца ў яго калекцыі.

MoMA, ЗША

Музэй сучаснага мастацтва на Мангэтане – гэта першы музэй сьвету, прысьвечаны сучаснай эпосе. Яго заснавалі ў 1929 годзе. Ён займае трэцяе месца паводле наведвальнасьці ў ЗША і ўваходзіць у топ-20 самых папулярных музэяў сьвету.

MoMA прапануе панарамны агляд сучаснага мастацтва ад інавацыйнага эўрапейскага жывапісу і скульптураў 1880-х гадоў да сучасных кіно, дызайну і пэрформансу.

Эрмітаж, Расея

Найбуйнейшы музэй Расеі займае пяць будынкаў, у якіх захоўваюцца больш за 3 мільёны твораў мастацтва. Гэта і калекцыі твораў выбітных флямандзкіх, галяндзкіх, італьянскіх і францускіх мастакоў.

Сайт музэю дазваляе пабачыць калекцыі дзякуючы віртуальнай экскурсіі.

Музэй гісторыі мастацтваў у Вене, Аўстрыя

Знакамітая скарбніца дынастыі Габсбургаў аблічбавала і выклала ў адкрыты доступ больш за 10 тысяч выяваў экспанатаў, у тым ліку твораў Тыцыяна і Караваджа, Тынтарэта і Арчымбольда, Босха і Яна ван Эйка.

Галерэя Tate, Вялікая Брытанія

Лёнданская галерэя сучаснага мастацтва Tate Modern апублікавала архіў з больш як 70 000 аблічбаваных твораў у сваёй онлайн-галерэі. Усяго там творы 4670 мастакоў. Гэта карціны, фатаграфіі, дзёньнікі і лісты мастакоў.