Усе матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы адклалі праз каранавірус

Матч Лігі чэмпіёнаў у гішпанскай Валенсіі на гэтым тыдні гулялі пры пустых трыбунах

Усе матчы, заплянаваныя на наступны тыдзень у рамках Лігі чэмпіёнаў і Лігі Эўропы, адкладзеныя на няпэўны тэрмін праз сытуацыю з распаўсюдам каранавірусу. Пра гэта гаворыцца ў заяве Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА).

Тым часам матчы ангельскай Прэм'ер-лігі прыпыненыя да 4 красавіка.

17 сакавіка УЭФА плянуе правесці экстранную нараду, на якой будзе вызначацца далейшы лёс спартовых спаборніцтваў. Паводле францускага спартовага выданьня L'Equipe, на ёй могуць прыняць рашэньне перанесьці на год чэмпіянат Эўропы па футболе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ