Старшыня Дзярждумы Расейскай Фэдэрацыі Вячаслаў Валодзін заклікаў парлямэнтароў абараніць Уладзіміра Пуціна, якога назваў «перавагай» Расеі.
«Сёньня, зыходзячы з выклікаў, і пагрозаў, якія існуюць у сьвеце, ня нафта і газ нашая перавага. Як бачыце, і нафта, і газ могуць падаць у цане, нашая перавага — Пуцін, і мы яго павінны абараніць», — сказаў Вячаслаў Валодзін.
Валодзін таксама заклікаў абараніць дэпутатку Валянціну Церашкову ад крытыкі, якой яна зазнала за ўнясеньне папраўкі аб абнуленьні прэзыдэнцкіх тэрмінаў Уладзіміра Пуціна, піша «Інтэрфакс».
«Напады, якія ідуць сёньня на Церашкову, — гэта атакі на нашу краіну. Таму што яна ўнесла тую прапанову, якая робіць нашу краіну мацнейшай», — заявіў Валодзін.
Крытыку паправак Валодзін назваў «хлусьнёй, якая ідзе з-за мяжы, каб нашу краіну разбурыць», і заявіў, што трэба зрабіць усё, каб «абараніць праўду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Пуцін выбраў такі мудрагелісты шлях захаваньня ўлады? Тлумачаць расейскія экспэртыРаней дэпутатка ад партыі «Единая Россия» Валянціна Церашкова прапанавала ўнесьці ў законапраект пра зьмены ў расейскую Канстытуцыю папраўку пра абнуленьне прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Паводле Церашковай, неабходна ці ўвогуле прыбраць абмежаваньні, ці, «калі гэтага запатрабуе сытуацыя і гэтага захочуць людзі, закласьці ў законе магчымасьць для дзейнага прэзыдэнта зноў абірацца на гэтую пасаду».
Дзейная рэдакцыя Канстытуцыі Расеі прадугледжвае забарона аднаму чалавеку займаць прэзыдэнцкае крэсла больш за два тэрміны запар. Уладзімір Пуцін у 2018 годзе быў абраны другі раз запар (чацвёрты — усяго), яго паўнамоцтвы павінны скончыцца ў 2024 годзе.
Пуцін пагадзіўся з прапановай Церашковай пра «абнуленьне», папраўку ухвалілі расейскія дэпутаты.