Амэрыканскі прамысловы індэкс Dow Jones упаў на 9,99% пры закрыцьці таргоў 12 сакавіка, што стала найбольшым падзеньнем пасьля «чорнага панядзелка» 1987 году, калі ён упаў больш як на 22%.
Іншыя вядучыя індэксы зазналі аналягічныя страты. Адразу пасьля адкрыцьця біржы 12 сакавіка індэксы зьнізіліся на 7%, пасьля чаго таргі спыніліся аўтаматычна на 15 хвілінаў. Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША абвясьціла аб падтрымцы амэрыканскага рынку 1,5 трлн даляраў, пасьля чаго фондавы рынак ненадоўга перастаў падаць.
Фондавыя індэксы зьніжаюцца на фоне падзеньня цэнаў на нафту. Нафта маркі Brent у Лёндане страчвала каля 9% і каштавала менш за 33 даляры.
Раніцай 13 сакавіка цэны часткова аднавіліся, Brent таргавалася вышэй за $ 33 за барэль.
На рынак таксама ўплывае пандэмія каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 і захады барацьбы зь небясьпечным вірусам.